Ва ўніверсітэтах павінны вучыць думаць, а не маўчаць — Ціханоўская
Студэнцкая аўдыторыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Святлана Ціханоўская звярнулася з гэтай нагоды да беларускіх студэнтаў.
Яна адзначыла, ў сваім зўвароце, што студэнцтва — гэта не толькі час для навучання будучай прафесіі, але і перыяд уваходжання ў дарослае жыццё, атрыманне большай самастойнасці і адказнасці.
"Гэта час задаваць пытанні, спрачацца, шукаць адказы, знаходзіць аднадумцаў і вырашаць, якім будзе жыццё. Універсітэт павінен быць месцам, дзе не баяцца думаць, дзе шануюць розныя погляды і дапамагаюць раскрыць свае здольнасці", — заявіла Ціханоўская.
Але ў сённяшняй Беларусі студэнты часта сутыкаюцца не з падтрымкай, а з ціскам, звярнула яна ўвагу. Маладых людзей могуць адлічыць за грамадзянскую пазіцыю, пераследаваць за погляды і сувязі з незалежнымі ініцыятывамі: "Універсітэцкае жыццё падпарадкоўваюць ідэалагічнаму кантролю, а замест падтрымкі і свабоднай дыскусіі маладыя людзі сутыкаюцца з шэрагам абмежаванняў".
Ціханоўская нагадала, што сёлета рэжым Лукашэнкі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні "экстрэмісцкай арганізацыяй". Па "справе ЕГУ" ў Беларусі прайшлі больш за 60 ператрусаў, пад рэпрэсіі трапілі не менш за 175 чалавек.
Іншай формай уціску яна назвала прымусовае размеркаванне для студэнтаў-бюджэтнікаў.
"Універсітэты мусяць штомесяц праводзіць два-тры мерапрыемствы з ідэалагічнага календара і справаздачыцца пра іх. За апошнія гады вайсковыя кафедры адкрылі ў чатырох універсітэтах, у некалькіх ВНУ працуюць цэнтры навучання кіраванню беспілотнікамі. Ці гэта мы ўяўляем, калі думаем пра "шчаслівыя студэнцкія гады"?" — адзначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
Яна падкрэсліла, што ва ўніверсітэтах "павінны вучыць думаць і развівацца, а не маўчаць".
Міжнародны дзень студэнтаў быў заснаваны ў памяць пра падзеі 17 лістапада 1939 года ў акупаванай Чэхаславакіі. У гэты дзень нацысцкія ўлады жорстка расправіліся са студэнцкім пратэстам. Дзевяць актывістаў былі пакараныя смерцю без суду, больш за 1200 студэнтаў адправілі ў канцлагер, а чэшскія ўніверсітэты зачынілі.