ЕСПЧ прызнаў, што ўлады РБ выкарысталі мігрантаў для дэстабілізацыі суседзяў
Мігранты, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt
Улады Беларусі выкарысталі мігрантаў для дэстабілізацыі сітуацыі ў суседніх краінах Еўрасаюза. Да такой ацэнкі прыйшла вялікая палата Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу ў аўторак, 24 лістапада, перадае DW.
У судзе некалькі гадоў разглядалі справы аб вяртанні мігрантаў у Беларусь з межаў Польшчы, Латвіі і Літвы. Дзеянні рэжыму Лукашэнкі суд назваў варожымі. У заключэнні ЕСПЧ гаорыцца, што афіцыйны Мінск "заахвочваў перамяшчэнне мігрантаў праз свае межы, садзейнічаў гэтаму або прымушаў іх да гэтага". У ЕСПЧ прыйшлі да высновы, што такое выкарыстоўванне людзей з'яўляецца злоўжываннем механізмамі абароны, прадугледжанымі Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека, з мэтай дэстабілізаваць суседнія дзяржавы і ўвесь рэгіён.
ЕСПЧ прызнаў, што дзяржавы маюць права абмяжоўваць уезд замежнікаў і нават цалкам закрываць межы. Вяртанне чалавека ў краіну, якая выкарыстоўвае міграцыю як інструмент ціску, не парушае забарону на бесчалавечнае або прыніжальнае для годнасці абыходжанне.
Акрамя таго суд разгледзеў некалькі справаў мігрантаў, якіх вярталі ў Беларусь. Згодна з рашэннем суда Польшча абавязаная выплаціць 20 тысяч еўра мігранту, якога вярнулі ў Беларусь, нягледзячы на забарону ЕСПЧ, і 5 тысяч еўра — мігранту, да якога не дапускалі адвакатаў.
У латвійскай справе ЕСПЧ прызнаў парушэннем вяртанне дзяцей і іх блізкіх у Беларусь. Пры гэтым суд не знайшоў парушэнняў пры вяртанні трох іншых дарослых. Латвія павінна выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды на 97,5 тыс. еўра.
У справе супраць Літвы чацвёра грамадзян Кубы казалі, што літоўскія памежнікі шэсць разоў вярталі іх у Беларусь, пакуль затрымалі і дазволілі звярнуцца па прытулак. ЕСПЧ не знайшоў у гэтых вяртаннях парушэнняў. Аднак парушэннем права на свабоду было прызнанае ўтрыманне кубінцаў у закрытых цэнтрах. Кожнаму з чатырох заяўнікаў Літва абавязаная выплаціць па 15 тысяч еўра кампенсацыі маральнай шкоды.