У Любліне пройдзе тэатральны фестываль з удзелам беларускіх актораў

Афіша фэсту "Блізкі Усход"

Афіша фэсту "Блізкі Усход" / ck-lublin.bilety24.pl

7-13 снежня ў польскім Любліне пройдзе міжнародны тэатральны фестываль "Блізкі Усход", у якім возьмуць удзел і беларусы.

Арганізатары вызначаюць "Блізкі Усход" як сустрэчу беларускіх, украінскіх і польскіх тэатральных супольнасцяў, прастору мастацкага дыялогу, салідарнасці, творчай супрацы і ўзаемнага знаёмства.

"Мы ствараем фестываль як месца, дзе можна гаварыць пра чалавека і час, пра памяць і ідэнтычнасць, пра досведы, якія нас падзяляюць і адначасова збліжаюць", — заяўляюць яны.

Сёлета сярод удзельнікаў фестывалю будуць Вольныя Купалаўцы, Беларускі Свабодны тэатр, а таксама беларускія, украінскія і польскія акторы, рэжысёры і драматургі.

На фэсце пабачыць самыя розныя калабарацыі — беларускія спектаклі з украінскімі і польскімі акторамі, польскія спектаклі з беларускімі рэжысёрамі і г.д. Сярод іншых можна будзе паглядзець, напрыклад, спектакль "Пра Рамэа і Джульету" паводле тэксту нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Адбудзецца некалькі стэндапаў.

Таксама падчас фэсту "Блізкі Усход" пройдзе чарговая частка фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.

Квіткі на спектаклі "Блізкага Усходу" можна набыць па гэтай спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.