Пракуратура прыпыніла працу двух прыватных дзіцячых цэнтраў у Мінску

Дзеці, ілюстрацыйнае фота

Дзеці, ілюстрацыйнае фота / educator.by

Працу двух прыватных дзіцячых цэнтраў у Мінску прыпыніла пракуратура. Яе работнікі правялі праверку установаў, дзе займаліся дадатковай адукацыяй дзяцей.

У адным з цэнтраў праводзілі кансультацыі спецыялістаў па развіцці маўлення, нейрапсіхолагаў і спецыялістаў па паводніцкім аналізе. Таксама там арганізоўвалі індывідуальныя заняткі па сэнсарнай інтэграцыі, аказвалі лагапедычныя паслугі і прапаноўвалі сумесныя кансультацыі пяці спецыялістаў.

У пракуратуры заяўляюць, што адукацыйная дзейнасць вялася без паведамлення ўпраўлення па адукацыі і ўзгодненай праграмы заняткаў. Да таго ж, дзяцей прымалі без заяваў ад бацькоў ці законных прадстаўнікоў. У пракуратуры вырашылі, што гэта можа прывесці "да ўжывання методык, якія не адпавядаюць узросту, інтэлектуальным або эмацыйным перагрузкам".

Выявіліся падчас праверкі і іншыя парушэнні. У двух цэнтрах педагогаў на працу бралі, не правяраючы інфармацыю з Адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях. Гэта неабходна, каб праверыць, ці няма ў чалавека устаноўленых законам абмежаванняў на працу з дзецьмі. (Нядаўна, нагадаем, былі прынятыя нормы, якія забараняюць працу з дзецьмі асобам, асуджаным паводле "экстрэмісцкіх" артыкулаў — гэта значыць, з палітычных матываў.)

У адным з цэнтраў не было дакументаў, якія пацвярджаюць профільную адукацыю педагогаў.

Ва ўсіх правераных установах пракурорскія работнікі выявілі парушэнні ў планаванні выхаваўчай работы. У шэрагу арганізацый не выконваліся санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні і правілы пажарнай бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.