Дэмсілы пачынаюць працу над тым, каб быць прадстаўленнымі на мірных перамовах — Латушка
Павел Латушка / Euroradio
У бліжэйшы час павінна адбыцца стратэгічная сесія з удзелам Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады і Офіса Ціханоўскай, дзе будзе выпрацавана стратэгія прадстаўлення Беларусі на мірных перамовах па Украіне. Такую інфармацыю агучыў кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас стрыма на Еўрарадыё.
— Мы павінны стварыць кааліцыю. Як існуе Кааліцыя ахвотных па Украіне, так трэба стварыць кааліцыю саюзнікаў дэмакратычнай Беларусі. Разам з гэтай кааліцыяй трэба сфармаваць адзіную рабочую групу, выпрацаваць наш падыход унутры, а потым прыйсці да нашых партнёраў і пераконваць іх, што гэта адпавядае нашым інтарэсам, нацыянальным інтарэсам Беларусі, інтарэсам дзяржавы Рэспубліка Беларусь, а не інтарэсам Лукашэнкі, — упэўнены Павел Латушка.
Ён лічыць, што Беларусь не можа быць прадстаўлена на той частцы перамоваў, якая тычыцца спынення агню ва Украіне.
— Для нас гэта час на падрыхтоўку. А другі этап — калі перамовы ўжо будуць блізкія. Вось тады мы павінны мець падрыхтаваную пазіцыю, узгодненую з нашымі саюзнікамі. І важна, каб у іх была матывацыя гаварыць пра нас. Калі ў іх не будзе такой матывацыі, тады будзе складана, — кажа кіраўнік НАУ.
Як дамагчыся гэтай матывацыі?
— Гэта звышзадача. Гэта не будзе лёгка, гэта будзе звышскладана. Але трэба фарміраваць гэтую кааліцыю саюзнікаў Беларусі.
„Нічога пра беларусаў без беларусаў. Нічога пра Беларусь без беларусаў“. Гэта мой тэзіс, з якім я выступіў некалькі тыдняў таму. І цяпер я пачынаю з яго кожную размову, — кажа Латушка.
Але ж ён папярэджвае, што нават еўрапейцы вельмі скептычныя адносна мірных перамоваў: “з кім бы я ні размаўляў за апошнія два тыдні, ніводзін заходні дыпламат не сказаў мне, што верыць у тое, што гэтыя перамовы адбудуцца хутка”.
Але ж не толькі беларускія дэмсілы спрабуюць быць прадстаўленнымі на такіх перамовах. Рэжым Лукашэнка таксама імкнецца быць за сталом.
Латушка кажа, што еўрапейцы не бачаць Лукашэнка за гэтым сталом, бо яны не прызнаюць яго як прэзідэнта Беларусі. Але ж ён імкнецца там быць, каб стаць суб’ектным.