Не выдаваць візы беларускім і расійскім спартоўцам заклікаюць лідары сямі краін ЕС

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Лідары сямі краін Еўрасаюза заклікаюць не выдаваць візы ў ЕС спартоўцам з Беларусі і Расіі для ўдзелу ў спаборніцтвах. Свой зварот, падпісаны 23 лістапада, яны даслалі старшыні Еўрасавета Антоніу Кошце і старшыні Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен. Копію дакумента апублікавала выданне Politico.

Зварот падпісалі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і шэсць прэм'ер-міністраў — Метэ Фрэдэрыксен (Данія), Крыстэн Міхал (Эстонія), Петэры Орпа (Фінляндыя), Андрыс Кулбергс (Латвія), Дональд Туск (Польшча) і Ульф Крыстэрсан (Швецыя).

Аўтары ліста нагадалі, што перад зімой Расія ўзмацніла ўдары па мірных жыхарах Украіны і яе жыццёва важнай інфраструктуры. У такіх умова Крэмль успрыме допуск расійскіх спартоўцаў да еўрапейскіх спаборніцтваў як сваю перамогу. А пазіцыю ЕС — як паступовае прыманне расійскай агрэсіі. "Аддзяліць спорт ад геапалітыкі папросту немагчыма", — падкрэсліваюць падпісанты.

Яны спаслаліся на высновы Еўрасавета, які выступіў супраць нармалізацыі ўдзелу Расіі і Беларусі ў міжнародных спартовых і культурных мерапрыемствах, пакуль працягваецца вайна супраць Украіны.

Таксама аўтары ліста папрасілі Еўракамісію выразна ўказаць, як краінам ЕС абмяжоўваць для расіянаў неабавязковыя паездкі, у тым ліку для ўдзелу ў спартыўных турнірах. Іх прапануецца замацаваць у абноўленым візавым кодэксе ЕС. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.