У гомельскай гімназіі — некалькі выпадкаў суіцыду сярод падлеткаў
Ірынінская гімназія / street.gomelhistory.by
Некалькі выпадкаў суіцыду зафіксавана сёлета ў Ірынінскай гімназіі ў Гомелі.
Паводле інфармацыі выдання "Штодзень", ад пачатку навучальнага года як мінімум двое падлеткаў скончылі жыццё самагубствам. Яшчэ двое спрабавалі здзейсніць суіцыд.
Раней Ірынінская гімназія была прэстыжнай навучальнай установай. Па выніках працы за 2012 года гімназія атрымала званне "Найлепшая ўстанова адукацыі Гомеля" і была занесеная на Дошку гонару горада.
Аднак пасля 2021 года большасць каментароў пра гімназію становяцца негатыўнымі. "Штодзень" цытуе меркаванні бацькоў і выпускнікоў:
"Не ўсе настаўнікі добрасумленныя. Некаторыя праяўляюць зайздрасць і несправядлівасць у дачыненні да іншых. Ігнаруюць прыніжэнні з боку дзяцей да іншых дзяцей, ніякіх мер не было прынята, пакуль скончыла школу, атрымала псіхічныя праблемы. Калі з вашага дзіцяці будуць здзеквацца, то настаўнікам і адміністрацыі абсалютна пляваць, ніякія скаргі і просьбы не дзейнічаюць. /…/ Паводзіны некаторых настаўнікаў на ўроках могуць прывесці ў шок: агрэсія і злоба з нецэнзурнай лаянкай. /…/ Пасля сканчэння школы я праходжу курс лячэння з псіхолагам".
Дарэчы, менавіта ў гэтай гімназіі ў 2021 годзе настаўніца на ўроку беларускай літаратуры парвала фотаздымак пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Даклад пра нобелеўскую лаўрэатку падрыхтавала вучаніца 9-га класа. Настаўніца ёй заявіла, што Алексіевіч нічога добрага не напісала.
Паводле звестак пракуратуры Гомельскай вобласці, за 9 месяцаў 2026 года зафіксавана 22 факты гібелі дзяцей ад знешніх прычын. Гэта ўдвая болей, чым за аналагічны перыяд 2025 года. Асноўныя прычыны — суіцыд, дарожна-транспартныя здарэнні, пажары і ўтапленні.