Тунэлі з Беларусі пракапаныя з ведама памежнікаў РБ — начальнік памежнай службы Латвіі
Падземны ход з Беларусі / Aleksejs Dunda
Два падземныя тунэлі на латвійска-беларускай мяжы былі выкапаныя з ведама беларускіх памежных службаў. Пра гэта кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунціс Пуятс заявіў у інтэрв'ю Латвійскаму радыё.
Паводле яго, тунэль, выяўлены ў канцы жніўня, быў настолькі вялікі, што для яго ліквідацыі спатрэбяцца маштабныя рамонтныя работы на дарогах. Падчас капання тунэля, мяркуе Пуятс, беларускія памежнікі сачылі за бяспекай.
"Я ўпэўнены, што былі назіральнікі [з беларускага боку], якія паведамілі, і працы былі спыненыя ў той момант, калі падышоў патруль памежнай службы. Назіральнікі ці людзі з тэхнічнымі сродкамі. Відавочна, што немагчыма пабудаваць такі тунэль без ведама беларускіх памежнікаў. Асабліва гэты другі. Яго вышыня, шырыня складалі 0,8 метра, даўжыня — не менш за 30 метраў. Звонку вывезена 28 кубічных метраў грунту, даволі аб'ёмныя апоры, плюс выкладзены фанерны дах", — аргументуе начальнік памежнай службы.
На думку Пуятса, беларускія памежнікі маглі выкарыстоўваць цеплавізары, каб сачыць, ці набліжаюцца латвійскія памежнікі да месца тунэля.
Таксама Пуятс сказаў, што ў будучыні могуць з'явіцца новыя падземныя хады: "Я б сказаў, што мы чакаем наступнага тунэля. Паступаюць паведамленні, што яны капаюць. Гэта пытанне часу".
Таксама начальнік памежнай службы заявіў, што Латвія стала "мэтавай краінай" для гібрыдных атак на мяжы.