Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве

Святлана Ціханоўская прымае падарунак

Святлана Ціханоўская прымае падарунак / Euroradio

26 лістапада 2026 года Офіс Святланы Ціханоўскай афіцыйна адкрыў дзверы ў Варшаве. Спачатку для польскіх гасцей, а ўвечары — для беларускіх.

Карэспандэнт Еўрарадыё трапіў на абодва івэнты і распавёў, што там адбывалася. 

Першы акт — замежныя справы

Адкрыцця прасторы беларусы чакалі амаль паўгода. З сакавіка было зразумела, што Офіс зойме менавіта памяшканне, у якім раней быў Беларускі моладзевы хаб. Многа часу спатрэбілася, каб зрабіць у ім рамонт. 

Перад Офісам тут знаходзілася прастора “Робім разам” пад кіраўніцтвам Сяргея Бульбы. І, як кажуць сведкі, пасля сябе яна пакінула шмат слядоў. Цяпер іх можна пабачыць адзінае ў падвале: зламаныя дзверы і сапсаваныя рэчы.

Прастора знаходзіцца па адрасе: плошча Канстытуцыі, 6. У квартале ад яе  — некалькі беларускіх гастрапляцовак. Але і само памяшканне Офіса мае сімвалічнае значэнне. 

Менавіта тут у 80-я знаходзіўся офіс партыі “Салідарнасць”. На гадавіну свабодных польскіх выбараў, 4 чэрвеня, тут збіраюцца палякі, каб адзначыць пераломны момант у польскай дэмакратычнай трансфармацыі. 

Пакуль унізе збіраюцца госці, на другім паверсе Святлана Ціханоўская разам з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім праводзяць прэс-брыфінг. 

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве
Святлана Ціханоўская і Рафал Тшаскоўскі

Святлана прывітала журналістаў па-польску, падзякавала палякам за салідарнасць. Потым перайшла на англійскую і сказала: “Мы рады, што гэты дзень настаў, мы адкрываем наш Офіс у Варшаве”.

— Мы спадзяемся, што гэтае месца стане сэрцам палітычнага жыцця беларусаў і домам для беларускіх дэмакратычных сіл і ўрада ў выгнанні, — кажа Святлана і выражае надзею, што гэта будзе не назаўсёды, маўляў, пакуль мы не вернемся дадому. 

Святлана падкрэсліла, што тэма беларусаў яднае палякаў з розных партый — прадстаўнікі будуць сёння на івэнце. Але асаблівая ўдзячнасць Рафалу Тшаскоўскаму. 

— Без цябе мы бы тут не стаялі. Ты даў нам гэтае месца, дзе “Салідарнасць” тварыла гісторыю. І я кожны дзень адчуваю дух гэтага руху, — звяртаецца да палітыка Ціханоўская.

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве
Фігуркі Марыі Калеснікавай, Святланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкала

Напрыканцы ў журналіста ўсё ж атрымалася спытацца пра чарговае вета прэзідэнта Караля Наўроцкага на законапраекты (цяперашні прэзідэнт славіцца вялікай колькасцю адхіленых законаў: за амаль 16 месяцаў ён наклаў вета на 50 законапраектаў). 

Афіцыйная частка праходзіць па-англійску і па-польску. Вядзе замдырэктарка Офіса Станіслава Гліннік. Прагучалі гімн Польшчы, а потым беларускі. На мерапрыемствах дэмсіл гэтую ролю выконвае марш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Недзе ў канцы залы, поўнай дыпламатаў, бачу Адама Міхніка. Неўзабаве яго таксама запрашаюць узяць слова. Хто, як не ён, памятае часы “Салідарнасці”. Вядомы рэдактар Gazety Wyborczej таксама падкрэслівае сімвалічнасць пераемнасці пляцоўкі Офіса ды жадае беларусам свабоды. Святлана дорыць яму букет, а ён у адказ цалуе яе ў шчаку і руку. 

Пасля яго сам да мікрафона падышоў польскі дэпутат Радаслаў Фогель з цяпер апазіцыйнай партыі “Закон і справядлівасць”. Сваім выступам ён ураўнаважыў прысутнасць польскіх палітычных сіл на мерапрыемстве, казаў пра надзею і дбанне пра свабоду. 

Гліннік завяршае ўрачыстую частку, кажучы, што “ніякае беларускае святкаванне не можа быць поўным без музыкі”, і запрашае на сцэну музыкаў-палітвязняў, якія на народных інструментах выконваюць вядомыя беларусам песні.

Пад “Лявоніху” зала яшчэ больш загаманіла. Сама Ціханоўская ўважліва слухае пад сцэнай музыку, нібы гэта тая самая хвіліна трошачку адключыцца ад натоўпу. 

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве

На жаль, перад наступнай кампазіцыяй гэты момант скончыўся. Дарадцы забралі яе інтэгравацца ды прымаць кветкі, падарункі і словы вітання ад польскіх гасцей. 

Другі акт — унутраныя справы

Пасля антракту, ці проста праз дзве гадзіны, калі ўжо сцямнела, тое ж памяшканне было напоўнена пераважна журналістамі. Пакуль афіцыянты прыносілі новыя закускі на стол, паволі падцягваліся людзі.

На першы акт сабралося больш за 60 чалавек, другі ж абяцаў быць шматлюдным. 240 запрошаных, з якіх сотня пацвердзіла свой візіт. З залы прыйшлося прыбраць сталы, таму самыя першыя госці падпіралі сцены ў чаканні. 

Скарыстаўшыся момантам, Святлана разам з Паўлам Латушкам і спікерам КР Арцёмам Бруханам правялі брыфінг для журналістаў, якія задалі пытанні пра бягучыя ўнутрыпалітычныя справы.

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве
Павел Латушка, Святлана Ціханоўская і Арцём Брухан

Гасцям зноў далі час сабрацца, пакуль пачнецца афіцыйнае адкрыццё. Нехта прыйшоў з кветкамі, а праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч прынёс прыгожы фікус. 

Атмасфера троху нагадвае дзень нараджэння, на які сабраліся самыя блізкія сябры. Людзі абдымаюцца ды смолточаць. Нехта ўжо пацягнуўся па ежу. Амаль усе твары знаёмыя: ад выдаўца Андрэя Янушкевіча да аналітыка Сяргея Чалага. Толькі рэдкія асобы стаяць самотна. 

Афіцыйная частка мала адрознівалася ад польскай. Цяпер Станіслава ўжо гаварыла па-беларуску. Адзінае — спатрэбіўся гучны мужчынскі голас, які дапамог звярнуць на яе ўвагу праз шматлікія размовы ў натоўпе.  

Зноў гучыць “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, але на гэты раз яму акампануе ціхенькае мурлыканне тэксту. 

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве
Станіслава Гліннік

Амаль адначасова на Ютубе акурат пачаўся чарговы пяцігадзінны стрым Сяргей Ціханоўскага. У моманце яго глядзела 1200 чалавек. 

Святлана ў прамове дадаткова звярнулася менавіта да беларусаў: “Мы робім вялікую справу, і не трэба яе недаацэньваць і абясцэньваць”. За пару гадзін перад гэтым прыйшла інфармацыя пра смерць палітвязня Юрыя Лукшы, таму тон прамовы ўжо не быў такі ўрачысты. Яна нагадала пра круглы стол з беларускімі ўладамі, маўляў, можа, ён будзе не сёння, але прапанова ўжо павінна ляжаць на стале і абмяркоўвацца.

Пра круглы стол у сваіх спічах кажуць і Павел Латушка, і Арцём Брухан, згадваючы перамовы ў Польшчы ў 1989 годзе, якія папярэднічалі свабодным выбарам.

Адначасовы чытаю, як калегі абмяркоўваюць прапановы аб круглым стале ў стрыме Ціханоўскага з Валерам Цапкалам. Толькі ў іх гаворка ідзе пра перамовы ўнутры дэмсіл. 

Але тут іншая атмасфера: Павел Латушка ў прамове цешыцца яшчэ і з таго, што цяпер можна не ездзіць у Вільню, каб сустрэцца са Святланай. Двойчы ён згадаў, што ў 2021 годзе ўлады Варшавы прапаноўвалі гэтае ж памяшканне пад офіс НАУ, але яны адмовіліся.

Станіслава Гліннік заўважыла, што гэта ж ён згадваў, калі прыходзіў на адкрыццё Моладзевага хаба тут жа ў лістападзе пяць гадоў таму. 

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве
Алесь Лапко і Святлана Ціханоўская

Дарэчы, у другім акце кіраўніка Хаба Алеся Лапко ўспомнілі як галоўнага партнёра ў выкарыстанні прасторы на плошчы Канстытуцыі. Беларуская арганізацыя будзе таксама тут праводзіць свае мерапрыемствы. 

Таму для Алеся сённяшні вечар не пра адкрыццё, а пра вяртанне. 

— Так супала, што толькі адзін дзень розніцы паміж адкрыццямі пяць год таму і цяпер. Тады, канешне, быў іншы кантэкст. Гэта ж было да пачатку поўнамаштабнай вайны. Беларусы па-іншаму ўспрымаліся ў Польшчы, ды і ўвогуле мігранты. Тады было нашмат лягчэй. Усе дзверы былі адчынены. Нам добра тут было, — кажа Лапко. 

— Цяпер бачу шмат складанасцей у дзейнасці мігранцкіх і дыяспаральных арганізацый. І тое, што ў нас гэты досвед ужо ёсць, — гэта добра. Нават калі ёсць складанасці, калі цябе выціскаюць са сваёй прасторы, упартасць і час робяць сваю справу, і мы вяртаемся туды, адкуль сышлі і дзе нашае месца.

Другі раз стужку не рэзалі. Святлане падарылі “Нарачанскі” хлеб, супрацоўнікі Офіса жартуюць, што яго дораць ледзь не кожны тыдзень.

Усе пачалі паміж сабою гаманіць.

Як Офіс Ціханоўскай адкрыўся ў Варшаве
Частка выставы ў Офісе

Знаходжу ў натоўпе музыку Алеся Чумакова. Усяго два месяцы таму яго вызвалілі з турмы па амерыканскім трэку. 

— Я магу толькі памяшканне пракаментаваць. Вельмі спадабаўся дызайн — слуцкі пас чароўны [аздобы ў памяшканні зрабіў беларускі мастак Міхась Смольскі. — Еўрарадыё]. Спадабаўся верш Якуба Коласа, стылізаваны пад арнамент. Пакуль цяжка ўспрымаецца вершнік леварукі, але прызвычаімся з часам, — кажа былы палітвязень. 

— Прыемна бачыць знаёмыя твары. Некаторых так зблізку бачу ўпершыню. Вось, напрыклад, Сцяпана Пуцілу бачу блізка ўпершыню. Ну, такі ж самы, як і на сваіх відэа. 

— Атрымалася з ім пагутарыць? — пытаю.

— Ды не асабліва. У мяне няма з ім агульных тэм. Гуслямі ён не цікавіцца. А можа, і цікавіцца…

Усе гамоняць. У нейкі момант чую за спінаю: 

— Дзе той хлопец з віном? Такую справу зрабілі! — кажа ўсцешана адзін з гасцей. І дадае, што ў яго атрымалася паразмаўляць са Святланай Георгіеўнай, каб “запусціць” нейкі працэс. — За гэта трэба выпіць!

Ужо каля 19-й людзі пачалі паволі разыходзіцца. На выхадзе сустракаю кіраўніцу шэлтара для палітвязняў Ганну Федаронак у натуральным норкавым футры. Ёй робяць камплімент, а яна жартуе: 

— Добра, што [Сяргей] Пятрухін не бачыць. 

А потым апавядае, што гэтае футра падарыў муж яшчэ 15 гадоў таму, але толькі ўчора яго перадалі ў Варшаву. І акурат пад нагоду! 

Унутры люзей ужо ўдвая меней: кожны з кімсьці гаворыць, столік, які шукаў віно, гучна смяецца, а з іншага боку офісныя праводзяць экскурсію па ўзнагародах. За спінаю чую, як Франак Вячорка гаворыць па-руску (нават такое бывае). На шведскім стале засталося толькі салодкае. 

Карэспандэнт Еўрарадыё ўжо стаміўся, збірае апошнія сілы, каб выйсці з Офіса, і прыемна здзіўляецца, што Святлана Ціханоўская яшчэ гутарыць з людзьмі ў сваім удалым сінім гарнітуры, які, як заўважыла адна з госцяў, добра спалучаецца з чырвонымі дэкарацыямі на сценах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.