“Некалькі сотняў такіх жанчын”. Якія праблемы чакаюць цяжарных эмігрантак у Беларусі
Беларусь прымусова дэпартавала маладую мігрантку Марыям Сумах без яе дзіцяці / PATRICK MEINHARDT / AFP
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta выпусціла даклад пра праблемы з жытлом, гвалт і адсутнасць дапамогі ў жанчын-мігрантак з краін Афрыкі, якія прыязджаюць у Беларусь, каб тут застацца ці пераехаць у Еўрасаюз.
Еўрарадыё паразмаўляла са стваральніцай (імя і прозвішча суразмоўніца папрасіла не агучваць) гэтага даклада пра тое, з якімі складанасцямі сутыкаюцца цяжарныя эмігранткі пасля пераезду ў Беларусь.
“Жанчыны сапраўды ўцякалі ад хатняга гвалту”
— Міграцыйны крызіс працягваецца з 2021 года. Наколькі сітуацыя змянілася за гэты перыяд з улікам падзей, якія адбываюцца цяпер? Сітуацыя пагоршылася ці палепшылася?
— Перш за ўсё, з 2021 года змяніўся геаграфічны склад людзей, якія прыязджаюць. У 2021–2022 гадах гэта былі перадусім грамадзяне Сірыі, Ірака, Ірана, Афганістана. А апошнія два гады праз Беларусь едуць у асноўным грамадзяне афрыканскіх краін.
Па-другое, мы падрыхтавалі гэтую справаздачу, таму што апошнія паўтара года сярод людзей, якія звяртаюцца да нас па дапамогу, стала даволі шмат цяжарных жанчын.
З аднаго боку, нам было зразумела, чаму так адбываецца. Польскае заканадаўства, якое сёння абмяжоўвае магчымасць запытваць міжнародную абарону на мяжы, прадугледжвае выключэнні для некаторых катэгорый людзей. У іх ліку — цяжарныя жанчыны.
Але спачатку нас вельмі здзівіла такая колькасць розных гісторый. Таму мы вырашылі даследаваць гэтую сітуацыю.
У нас была і даволі прагматычная мэта — праверыць, ці сапраўды зацяжарваюць, каб звярнуцца па абарону. Мы хацелі высветліць, ці праўда гэта, а таксама дазнацца, якія асноўныя праблемы ўзнікаюць у цяжарных мігрантак падчас іх знаходжання ў Беларусі.
— Ваша даследаванне грунтуецца на апытанні 15 жанчын. Але гэта толькі тыя, хто звярнуўся да вас. Колькі можа быць такіх жанчын?
— Менавіта на нашы пытанні адказалі 15 жанчын за паўгода. Насамрэч звярталася больш людзей, але некаторыя па розных прычынах адмовіліся ўдзельнічаць у апытанні.
Зразумела, не ўсе звяртаюцца да нас. Але мы можам арыентавацца і на іншую статыстыку — на колькасць жанчын, якія змаглі звярнуцца па міжнародную абарону на мяжы з Польшчай. Частка гэтых дадзеных ёсць у нашай справаздачы.
На сёння абмежаванні на мяжы дзейнічаюць ужо год — з сакавіка 2025 года па сакавік 2026 года. У нас ёсць дадзеныя за першы год абмежаванняў: наколькі я памятаю, 32 цяжарныя жанчыны звярнуліся па міжнародную абарону. За няпоўныя чатыры месяцы другога года дзеяння гэтых абмежаванняў было ўжо больш за 40 жанчын.
Зразумела, наша даследаванне не з’яўляецца колькасным і не можа паказаць сітуацыю з усімі жанчынамі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Але мы лічым, што за апошні год у краіну трапіла некалькі сотняў такіх жанчын.
— Паводле вашага даклада, 11 з 14 жанчын даведаліся пра сваю цяжарнасць ужо пасля прыбыцця ў Беларусь. Ці абвяргаюць гэтыя звесткі стэрэатып пра тое, што мігранткі нібыта спецыяльна плануюць цяжарнасць, каб атрымаць статус уцякачкі?
— Тут ёсць такі нюанс, што цяжарнасць можна планаваць, ужо знаходзячыся ў Беларусі. Але для мяне гэта не дае адказу на галоўнае пытанне. Важна, хто і як карыстаецца выключэннем з польскіх правілаў.
У нас было тры жанчыны, якія дакладна зацяжаралі яшчэ да таго, як пакінулі свае краіны. Пасярэднікі прадавалі ім паслугу, абяцаючы, што яны змогуць выехаць са сваёй краіны і нарадзіць у бяспечнай. Беларусь пазіцыянавалася менавіта як бяспечная краіна для родаў.
Такія выпадкі мы зафіксавалі напрыканцы даследавання, прыкладна ў верасні. Тады ўжо было адчуванне, што іх можа стаць больш.
Польскі бок па-ранейшаму захоўвае гэтыя выключэнні. Ёсць людзі, якія дапамагаюць дабрацца да мяжы, у тым ліку гуманітарныя арганізацыі. Але ёсць і пасярэднікі, якія прадаюць паслугу: калі ты цяжарная, то можаш трапіць у Еўрапейскі саюз.
Я думаю, што выпадкаў, калі жанчыны будуць пакідаць свае краіны ўжо цяжарнымі, стане больш.
У тых гісторыях, якія мы зафіксавалі, жанчыны сапраўды ўцякалі ад хатняга гвалту, ад прымусовых шлюбаў. Але выпадкі могуць быць розныя. Калі я кажу пра тых, хто можа карыстацца гэтым выключэннем, то маю на ўвазе перш за ўсё пасярэднікаў, якім, на жаль, жанчыны плацяць за тое, каб дабрацца да Беларусі.
“Не ведаем, што з імі адбываецца”
— У дакладзе вы таксама пішаце пра праблемы са страхоўкай. Сапраўды, стандартны поліс не пакрывае планаванае вядзенне цяжарнасці. Як жанчыны тады ўвогуле выжываюць у сітуацыі, калі за медыцынскае назіранне і лекі трэба плаціць, а грошай у іх няма?
— Перш за ўсё, яны не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Гэта таксама адна з праблем.
Бывае, што мы можам падтрымаць адзін візіт да доктара. Жанчына робіць УЗІ, атрымлівае пацвярджэнне цяжарнасці, а потым ёй кажуць: “Табе трэба набыць гэтыя лекі”. Але яна ўжо не можа гэтага зрабіць.
Многія з іх — студэнткі, пра што мы таксама пішам у дакладзе. Студэнцкая страхоўка не пакрывае вядзенне цяжарнасці, яна прадугледжвае толькі экстранныя выпадкі.
У нас былі жанчыны на даволі позніх тэрмінах цяжарнасці, якія за ўвесь гэты час не звярталіся па медыцынскую дапамогу і не знаходзіліся пад назіраннем.
Цяпер ёсць і іншая праблема. У Беларусі становіцца больш мігрантаў, у тым ліку працоўных. Беларускія ўлады зразумелі, што многія з іх у нейкі момант могуць застацца без страхоўкі.
Міністэрства аховы здароўя накіравала ліст ва ўсе шпіталі Беларусі, у якім указала, што медыцынскія ўстановы павінны высвятляць, ці ёсць у чалавека страхоўка. Калі яе няма, трэба даведацца, ці мае ён сродкі для аплаты.
Таксама было сказана, што неабходна стварыць адпаведныя інструкцыі. Калі мігранты не будуць плаціць за медыцынскія паслугі, абавязацельства па аплаце можа легчы на шпіталі.
Пакуль мы не бачылі гэтых інструкцый і не ведаем пра выпадкі, якія дапамаглі б вырашыць такую сітуацыю.
Зразумела, у Беларусі экстранная дапамога бясплатная. Напрыклад, роды могуць быць экстраннай дапамогай. Але ўжо на наступны дзень гэта можа не лічыцца экстраннай дапамогай, і жанчына павінна будзе за яе плаціць.
Я думаю, што, на жаль, будзе больш выпадкаў, калі дактары акажуць дапамогу ў першы дзень, а пасля будуць вымушаны яе спыніць, хаця яна можа быць жыццёва неабходнай. Таксама праблема ў тым, што некаторыя мігранты, знаходзячыся ў бальніцы, не маюць сродкаў для аплаты.
— Ці вядома вам, што цяпер адбываецца з жанчынамі, з якімі вы былі на сувязі і якіх апытвалі? Які склаўся іх далейшы лёс?
— Многія з іх працягваюць заставацца ў Беларусі. Перыяд іх знаходжання ў краіне вельмі розны.
Напрыклад, адна з жанчын была ў Беларусі ўжо тры гады, два з іх вучылася. Яна не планавала цяжарнасць, але так здарылася. У выніку ёй давялося адлічыцца, таму што яна разумела: лепш зэканоміць грошы на тых выдатках, якія яе чакаюць цяпер.
Некаторым удалося трапіць у Польшчу. Яны падалі заявы на міжнародную абарону.
— З некаторымі жанчынамі сувязь проста губляецца?
— Так. З некаторымі мы губляем сувязь і не ведаем, што з імі адбываецца.
Сёння Беларусь дэпартуе нашмат больш людзей. Таму тыя, хто знаходзіцца на тэрыторыі краіны нерэгулярна, пастаянна рызыкуюць быць затрыманымі і дэпартаванымі.
— З вясны 2025 года Польшча прыпыніла прыём заявак на міжнародную абарону, але для цяжарных жанчын зрабіла выключэнне. Пры гэтым на мяжы правяраюць, ці сапраўды жанчына цяжарная. Што вы думаеце пра гэтую працэдуру?
— Гэта цяжкае пытанне. З аднаго боку, я магу сказаць, што цяпер працэдура даволі простая. Калі жанчына цяжарная, гэта пацвярджаецца літаральна за тры хвіліны. Калі тэст станоўчы, польскія памежнікі не ствараюць далейшых перашкод для прыняцця заявы на міжнародную абарону.
Гэта хаця б гарантуе, што жанчыны, якія падпадаюць пад гэтае выключэнне, могуць ім скарыстацца.
Раней усё залежала ад памежнікаў, незалежна ад таго, цяжарная ты ці не. Было шмат выпадкаў, калі памежнікі забіралі жанчын з мяжы і адвозілі ў шпіталь, дзе яны знаходзіліся некаторы час.
Для нас, праваабаронцаў, такая працэдура была больш прымальнай, таму што яна ў цэлым павялічвала шанцы на тое, што жанчына зможа падаць заяву на міжнародную абарону. Нават калі яна не цяжарная, у яе ўсё роўна з’яўлялася магчымасць зрабіць гэта, каб яе не вярнулі назад.
Грамадскія арганізацыі і адвакаты маглі б усталяваць кантакт з ёй, а ў яе заставаўся б яшчэ нейкі час знаходжання на тэрыторыі Еўрапейскага саюза. Гэта дазваляла, напрыклад, запытваць прамежкавыя меры Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Былі розныя моманты, і ў выпадку са шпіталем было крыху больш магчымасцей для таго, каб права на міжнародную абарону было забяспечана не толькі тым, хто фармальна падпадае пад выключэнне.
Але цяпер, у некаторых аспектах, працэдура даволі простая. Калі жанчына сапраўды цяжарная, то, як я ўжо сказала, заяву прымаюць.
Але ўсё роўна гэта практыка. Мы не ведаем, ці не зменіцца яна заўтра, таму што гэта не замацавана ў заканадаўстве. Мы не ведаем, як гэта будзе працаваць далей. Нашы польскія калегі таксама не ведаюць. Мы проста назіраем за тым, што адбываецца цяпер, і слухаем гісторыі жанчын.
Гэта даволі адвольная працэдура. Заўтра яна можа змяніцца.
“Некаторых людзей выдвараюць”
— Калі казаць не толькі пра Польшчу, але і пра Літву з Латвіяй, наколькі цяжарныя жанчыны-эмігранткі імкнуцца перайсці мяжу гэтых краін? Ці зафіксаваны такія выпадкі?
— Мяжа з Літвой і Латвіяй сёння, на жаль, выкарыстоўваецца для нерэгулярнага перасячэння. Асабліва латвійскі напрамак: там няма агароджы, таму сёння большасць нерэгулярных мігрантаў едзе менавіта туды. Шмат пасярэднікаў, шмат парушэнняў.
Але цяжарным жанчынам на самой справе няма сэнсу ехаць у гэты бок, таму што ў іх больш гарантаваная сітуацыя, калі яны паедуць у Польшчу. У Літве і Латвіі іх успрымуць як звычайных нерэгулярных мігрантаў, якіх можна вярнуць без гарантый бяспекі.
— Якой вы бачыце сістэму доўгатэрміновага суправаджэння, якая патрэбна такім жанчынам? Ці захочуць улады Беларусі і суседніх краін Еўрапейскага саюза — Польшчы, Літвы, Латвіі — гэтым займацца? Ці ва ўмовах вайны і напружаных адносін гэта немагчыма?
— Гэта даволі цяжка. Пытанне, зразумела, у Беларусі.
Мы напісалі гэтую справаздачу таксама для таго, каб паказаць гуманітарны бок сітуацыі. Я не кажу, што ў еўрапейскіх краінах цяжарным мігранткам адразу аказваюць вялікую дапамогу толькі таму, што яны больш уразлівыя, чым, напрыклад, грамадзянкі Польшчы. Але ў Еўрапейскім саюзе ёсць магчымасці для грамадскіх арганізацый, ёсць пэўная сацыяльная падтрымка.
Напрыклад, калі чалавек апынуўся ў сітуацыі бяздомнасці, нават калі ён мігрант і знаходзіцца там нерэгулярна, у многіх краінах ёсць магчымасць атрымаць месца для пражывання і сацыяльную дапамогу. Можна высветліць, ці патрэбна чалавеку дапамога ў вяртанні ў краіну грамадзянства.
У многіх краінах Еўрапейскага саюза, калі чалавек апынуўся без жылля, ён можа знайсці дзяржаўную сацыяльную ўстанову ці грамадскую арганізацыю, дзе яму дадуць магчымасць застацца. У Беларусі няма ніводнага такога месца для мігрантаў, якія апынуліся ў сітуацыі бяздомнасці.
Калісьці мы атрымлівалі адказ ад дзяржаўнай установы — цэнтра начлежніцтва, які дапамагае людзям, што апынуліся без жылля. Тады нам сказалі, што яны не будуць патрабаваць у чалавека пашпарт. Але сёння, калі мы зноў запыталіся, нам адказалі, што працуюць толькі з тымі, хто раней быў зарэгістраваны, напрыклад, на тэрыторыі Мінска. Іншых месцаў няма.
І гэтым жанчынам, па сутнасці, няма куды пайсці.
Ёсць і іншыя праблемы. Некаторыя з жанчын могуць быць ахвярамі гандлю людзьмі. Раней існавала арганізацыя “Гендарная перспектыва”, якая дапамагала такім людзям.
Міжнародная арганізацыя па міграцыі таксама калісьці аказвала псіхалагічную дапамогу. Але сёння мы атрымліваем адказ, што ніхто больш не дапамагае ахвярам гандлю людзьмі.
Дзяржава можа ўключыць іх у пэўныя праграмы, калі яны стануць сведкамі і будзе заведзена крымінальная справа супраць людзей, якія гэтым займаюцца. Але ўразлівасць гэтых жанчын значна большая, і ў іх шмат дадатковых праблем.
Мы таксама спрабавалі размаўляць з універсітэтамі.
Міграцыйная стратэгія Беларусі сёння прадугледжвае прыцягненне большай колькасці працоўных мігрантаў. Студэнцкая міграцыя таксама вызначана як адзін з важных напрамкаў. Нядаўна пракуратура паведамляла, што ў Беларусі каля 30 тысяч замежных студэнтаў.
Пры гэтым улады прызнаюць, што некаторыя студэнты выкарыстоўваюць магчымасць атрымаць студэнцкую візу, каб пасля з’ехаць з краіны. У статыстыцы пракуратуры згадвалася, што за некалькі месяцаў каля 600 чалавек з ліку замежных студэнтаў адлічыліся. Але на фоне 30 тысяч гэта не такая крытычная лічба.
Ва ўніверсітэтах няма, напрыклад, магчымасці адразу заплаціць усю суму за год і немагчыма плаціць часткамі. Для замежнікаў гэта асабліва важна, таму што калі яны не могуць плаціць, то рызыкуюць страціць від на жыхарства ў Беларусі.
Усе гэтыя пытанні — розныя кампаненты, за якія адказваюць розныя інстытуцыі. Але няма агульнай зацікаўленасці ў тым, каб Беларусь стала больш прывабнай для мігрантаў.
Мы нібыта запрашаем людзей: “Прыязджайце”, але калі ў вас узнікае мінімальная праблема, яна нас не хвалюе.
Я не магу ўявіць, што сёння беларуская дзяржава будзе зацікаўлена ў стварэнні сістэмнага падыходу, на жаль.
Мне хацелася б, каб тыя інстытуцыі, якія ўсё яшчэ працуюць у Беларусі — ААН, Міжнародная арганізацыя па міграцыі, — таксама падумалі пра такія праекты. У іх ёсць некаторыя ініцыятывы, і час ад часу гэта проста пытанне каардынацыі і размовы: хто што робіць, як зрабіць сістэму больш комплекснай.
І гэта не заўсёды пытанне фінансаў.
— Напрыканцы хацелася б запытаць вас пра выпадак з Марыям Сумах, жанчыны з Гвінеі, якая нарадзіла ў Беларусі, была дэпартавана, а яе дзіця пасля гэтага больш за паўгода не аддавалі ёй. Чаму склалася такая сітуацыя? Чаму дзіця не аддалі маці адразу?
— Для мяне гэта гісторыя пра тое, што розныя інстытуцыі адказваюць за розныя пытанні, але паміж імі няма камунікацыі.
У гэтым выпадку Міністэрства ўнутраных спраў адказвала за нерэгулярных мігрантаў. У той час якраз актывізавалася праца па навядзенні парадку і дэпартацыі як мага большай колькасці людзей.
Марыям ужо знаходзілася ў нерэгулярным статусе. Яе затрымалі, і, нягледзячы на тое, што яна казала пра дзіця, якое ляжыць у шпіталі, ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Перш за ўсё, яна была нерэгулярнай мігранткай, і яе можна было дэпартаваць. Ніхто нават не праверыў, ці сапраўды ў шпіталі знаходзіцца яе дзіця і ці можа гэта быць падставай для іншага рашэння.
У той момант яе дачка ляжала ў шпіталі. Яна нарадзілася раней за тэрмін і патрабавала медыцынскай дапамогі. Марыям выпісалі са шпіталя, а дачка заставалася там амаль тры месяцы, таму што гэта была экстранная сітуацыя.
Пасля гэтага дзіця яшчэ некаторы час знаходзілася ў шпіталі, бо не ведалі, куды яго можна ўладкаваць. Беларускія дактары, безумоўна, выратавалі дачку.
Але сацыяльныя службы адказвалі за дзіця, а міграцыйныя службы — за тое, каб дэпартаваць нерэгулярную мігрантку. Ніхто не паглядзеў на гэтую сітуацыю комплексна.
Калі гэта ўжо адбылося, узнікла наступнае пытанне: як адправіць такое маленькае дзіця ў іншую краіну?
Акрамя таго, у нас няма амбасады Гвінеі. Гэта таксама праблема, таму што многія жанчыны, якія цяпер прыязджаюць у Беларусь, — з даволі экзатычных для нас краін. У Беларусі няма іх амбасад і консульстваў. У асноўным яны знаходзяцца ў Маскве, а ў некаторых краін увогуле ёсць толькі адна ці дзве амбасады на ўвесь свет.
У выпадку з дзецьмі ўзнікае праблема: нехта павінен выдаць праязны дакумент, каб дзіця магло ехаць далей.
У нас калісьці была гісторыя з жанчынай з Ліберыі, якая нарадзіла ў Беларусі двух дзяцей і не мела ніякіх дакументаў. У Ліберыі на ўвесь свет ёсць толькі дзве амбасады. Беларуская дзяржава тады хацела выдаць ёй паперку фармату А4, на якой быў бы фотаздымак і імя.
Але жанчына вельмі баялася выязджаць з такой паперкай. У любой краіне ёй маглі сказаць, што дзеці знаходзяцца тут нерэгулярна, і ўзнікнуць падазрэнні, што гэта гандаль людзьмі ці яшчэ што-небудзь. Магло здарыцца што заўгодна.
У выпадку з дачкой Марыям праблема была ў тым, каб вырашыць, хто выдасць гэты дакумент, як яго выдаць і як зрабіць яго сапраўдным, валідным. Амбасада Гвінеі таксама знаходзіцца ў Маскве, і гэта была яшчэ адна тэхнічная праблема, якую ніхто не спрабаваў вырашыць.
Калі б Марыям заставалася ў Беларусі, хутчэй за ўсё, усё вырашылася б нашмат хутчэй. Беларуская дзяржава аплачвала знаходжанне яе дачкі ў дзіцячым доме на працягу 10 месяцаў. Калі б маці магла сама гэта рабіць, калі б беларуская дзяржава не давяла сітуацыю да такога стану, магчыма, усё было б інакш.
Для мяне гэта яшчэ раз паказвае, што міністэрства, перш за ўсё, вырашае, як выконваць правілы. Ёсць правіла — мы можам дэпартаваць. Але пры гэтым не глядзяць на сітуацыю комплексна.
Так бывае з мігрантамі. Напрыклад, у Беларусі чалавека могуць выдварыць, калі ў яго ёсць пяць адміністрацыйных парушэнняў за год. Ёсць людзі, якія ўсё жыццё жылі ў Беларусі, але маюць грамадзянства Украіны, Расіі і іншых краін. Іх могуць выдварыць, нават калі ў іх ёсць сем’і, дзеці — грамадзяне Беларусі.
Некаторых людзей выдвараюць, і беларуская дзяржава можа прыняць такое рашэнне, не ўлічваючы іншых абставін справы.