Кампанія з Латвіі разам з Баскавым гандлюе хакейнай экіпіроўкай у Беларусі

Крама ў Латвіі

Крама ў Латвіі / hokejapasaule.lv

Латвійскі прадавец хакейнай экіпіроўкі Hokeja Pasaule працягвае камерцыйную дзейнасць у Беларусі, піша выданне Diena. Латвія пры гэтым выступае супраць вяртання Расіі і Беларусі ў сусветны хакей.

Паводле гадавых справаздач за 2026 год, SIA "Sports Lukss", уладальнік брэнда Hokeja Pasaule, мае дачэрнюю кампанію ў Беларусі — "Sport-Luks". Суўладальнік кампаніі раней прызнаў у размове з Diena, што беларуская крама працуе са значнымі стратамі.

Паводле яго слоў, яны пакрываюцца за кошт даходаў, атрыманых у Латвіі. Беларускай крамай кіруе Норберт Масальскіс, сябар праўлення Беларускай федэрацыі хакея.

У траўні 2025 года ён стаў суўладальнікам сумеснага прадпрыемства Lepshy Hockey. Кантрольны пакет у ім (51%) належыць Дзмітрыю Баскаву, якога называюць блізкім да сям'і Аляксандра Лукашэнкі. Баскава ўнеслі ў санкцыйны спіс ЗША.

У канцы ліпеня 2025 года крама "Sport-Lux" абвясціла аб рэарганізацыі і пераездзе ў спарткомплекс "Алімпік-Арэна" ў Мінску, дзе працуе Lepshy Hockey. Паводле публічных даных, абарот аператара новай крамы за няпоўныя тры месяцы 2025 года склаў амаль 1,2 млн беларускіх рублёў, або каля 350 000 еўра.

Як адзначае Diena, прадпрыемства, якім сумесна валодаюць структуры Баскава і SIA "Sports Lukss", стала прыкметным пастаўшчыком хакейнай экіпіроўкі для беларускіх дзяржаўных спартыўных арганізацый. Выданне таксама паведамляе, што ў лагатыпах Hokeja Pasaule і беларускага "Sport-Lux" выкарыстаны аднолькавыя візуальныя элементы.

Паводле даных Diena, Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі штогод выдзяляе сродкі Латвійскай федэрацыі хакея на падрыхтоўку зборных і ўдзел у чэмпіянатах свету. Частка грошай ідзе на куплю экіпіроўкі, у тым ліку ў SIA "Sports Lukss". 

Такое супрацоўніцтва не адмаўляе і сама федэрацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.