Сяргей Ціханоўскі перайшоў чырвоную рысу — Павел Севярынец
Павел Севярынец / Еўрарадыё
"Сяргей Ціханоўскі перайшоў чырвоную рысу", — гэтымі словамі пачаў свой допіс у сацсетках экс-палітвязень Павел Севярынец.
Ён згадаў пра канфлікт паміж Сяргеем і Святланай Ціханоўскімі і заявіў, што ўстрымліваўся ад каментароў.
"Стрымліваўся, бо ведаю Сяргея, цаню тое, што ён зрабіў у 2020-м і як адсядзеў, і спадзяваўся, што крыўды мінуць і ён вернецца ў беларускі рух. Пачаў ваяваць з беларускай незалежнай прэсай — Сярога, навошта? Гэта людзі, якія разам з намі змагаюцца за свабоду!"
Найбольш негатыўную рэакцыю ў Севярынца выклікаў апошні па часе стрым Ціханоўскага. Падчас яго Ціханоўскі раскрытыкаваў Святлану за выкарыстанне беларускай мовы.
"Але, Сярога, твае словы пра беларускую мову і абвінавачанне Святланы ў тым, што яна гаворыць па-беларуску, а не па-руску — гэта край. Гэта дзіч, дружа. Гэта чырвоная рыса. Калі беларус, беларускі палітык публічна грэбуе беларускай мовай і патрабуе пераходзіць на рускую — для мяне ён перамяшчаецца ў катэгорыю скончаных вылюдкаў.
Калі ты публічна не прабачышся за гэтыя словы — лічы, што ты страціў сябра. І павагу. Вельмі многіх беларусаў. Проста перастанеш для мяне існаваць", — піша Севярынец.
Ён падкрэслівае, што беларусаў "стагоддзямі катавалі і расстрэльвалі за тое, што мы размаўляем на сваёй роднай мове, якую нам даў Бог".
Севярынец прапануе Ціханоўскаму папрасіць прабачэння ў беларусаў, перайсці на беларускую мову і насіць Святлану на руках: "Не ганьбі мужчынаў і беларусаў. Вяртайся".
Раней з заклікам да Ціханоўскага прыняць новую сітуацыю і хутчэй вярнуцца да сябе звярнуўся экс-палітвязень Мікалай Статкевіч.