Літва не спяшаецца высылаць беларускага прадпрымальніка Скіндзерава

Дзмітрый Скіндзераў

Дзмітрый Скіндзераў / lrt.lt

Скандальнага прадпрымальніка Дзмітрыя Скіндзерава пакуль не дэпартуюць з Літвы. Ён падаў у суд апеляцыю на рашэнне дэпартамента міграцыі аб пазбаўленні статусу ўцекача, паведамілі Еўрарадыё ў літоўскім ведамстве.

Як адзначылі ў дэпартаменце, дадатковую інфармацыю яны пакуль агучваць не будуць, бо гэта можа паўплываць на рашэнне суддзі. Аднак пасля разгляду справы змогуць агучыць падставы прынятага раней рашэння.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнаў Дзмітрыя Скіндзерава пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны. Праз гэта яго пазбавілі статусу ўцекача і пастанавілі дэпартаваць з краіны. Калі суд не задаволіць апеляцыю Скіндзерава, папярэдняе рашэнне будзе выкананае.

Раней Скіндзераў заяўляў, што яго шукаюць "па 12 артыкулах КК", аднак на фота міліцэйскага стэнду, які ён жа і апублікаваў, бачна, што яго шукаюць па ч. 2 арт. 431 (дача хабару паўторна альбо ў буйной суме).

Сам Скіндзераў заяўляў, быццам яго праблемы ў Літве адбываюцца праз тое, што ён крытыкуе Ціханоўскую.

Чаму Скіндзерава назвалі пагрозай бяспецы

Паводле даных Дзярждэпартамента бяспекі Літвы (VSD) падчас пражывання ў Беларусі Скіндзераў падтрымліваў сувязі з супрацоўнікамі КДБ у Мінску і Віцебскай вобласці, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў (ДФР), а таксама ГУБАЗіКам. Літоўская спецслужба сцвярджае, што ён выконваў даручэнні супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, звязаныя са зборам інфармацыі пра грамадзян Беларусі.

У заключэнні таксама адзначаецца, што 28 сакавіка 2023 года, запаўняючы спецыяльную анкету Дэпартамента міграцыі, Скіндзераў адказаў адмоўна на пытанні пра сувязі, кантакты і выкананне даручэнняў спецслужбаў, вайсковых або праваахоўных органаў дзяржаў, якія не ўваходзяць у NATO і Еўрапейскі саюз. VSD расцаніла гэтыя адказы як прадастаўленне недакладнай інфармацыі.

Літоўская спецслужба лічыць, што наяўныя сувязі і кантакты Скіндзерава могуць быць выкарыстаныя беларускімі спецслужбамі для дзейнасці, накіраванай супраць інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Літвы.

Асобную ўвагу VSD звярнула на публічныя інцыдэнты з удзелам Скіндзерава ў Літве. У прыватнасці, згадваецца канфлікт 26 студзеня 2026 года ў Вільні з прадстаўніком беларускай апазіцыі. Паводле заключэння спецслужбы, відэазапісы гэтых інцыдэнтаў пазней выкарыстоўваліся беларускай дзяржаўнай прапагандай для дыскрэдытацыі апазіцыйных сіл.

Літва не спяшаецца высылаць беларускага прадпрымальніка Скіндзерава

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.