“У мяне не самая дрэнная сітуацыя”. Беларуска распавяла, як падрыхтавалася да зімы ў Кіеве
Марыя Анімія на беразе Дняпра / Фэйсбук Марыі Аніміі (@animia.masha)
Міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан лічыць, што сёлета Украіну чакае самая складаная зіма з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Расійскае войска стала бамбіць аб’екты гарадской інфраструктуры: кацельныя, ЦЭЦ, электрастанцыі. Асабліва дастаецца жыхарам Кіева.
Еўрарадыё паразмаўляла з Марыяй Аніміяй — прадстаўніцай фонду BySOL, якая гэтую зіму плануе правесці ў Кіеве. Дзяўчына распавяла, як рыхтуецца да халадоў, адсутнасці ацяплення, электрычнасці і вады.
Мы прымеркавалі гэтую размову да новага збору BySOL у падтрымку грамадзян Беларусі, якія жывуць ва Украіне. Сабраныя грошы будуць выдаткаваны на набыццё электрагенератараў людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу. Паўдзельнічаць у зборы можна тут.
***
— Праз тыдзень ужо пачнецца каляндарная зіма. Як асабіста твая сям’я да яе падрыхтавалася?
— Мы рыхтаваліся да гэтага вельмі доўга, таму што мінулую зіму неяк перажылі і ўжо навучаныя, уласна, досведам. У нас ёсць партатыўны душ, газавая гарэлка, куча балонаў з газам, а таксама шмат рознай кансервацыі, грэчкі і ўсяго астатняга. Ёсць цёплыя касцюмы, тэрмабялізна і вязаныя шкарпэткі, якія мне падарылі калегі, бо трэба неяк захоўваць сябе ў больш-менш працоўным стане.
— Ты думала пра тое, што будзе, калі пачнуцца працяглыя адключэнні? Ці ёсць у цябе нейкі план у гэтым выпадку?
— Тут, вядома, лепш рыхтавацца да ўсяго, бо адключэнні могуць адбыцца абсалютна розныя. Напрыклад, што такое ацяпленне, я ўжо другі год не памятаю. У нас яго адключылі, а ўключэння так і не адбылося.
Вядома, чым лепш ты падрыхтаваны да такіх сітуацый, тым спакойней можаш сябе адчуваць і менш нервавацца. Таму, як я ўжо сказала, у нас ёсць газавы балон. Я яшчэ не навучылася ім карыстацца, дзякуй богу, пакуль такой неабходнасці не ўзнікала, але ён ёсць.
Я таксама маральна рыхтую сябе да дыеты на грэчцы і кансерваваным тунцы, бо можа так здарыцца, што нічога іншага проста не будзе ў доступе або не будзе магчымасці нармальна гатаваць.
Але такія рэчы, калі рыхтавацца загадзя, на самай справе не вельмі дарагія, не вельмі складаныя, і заўсёды можна знайсці спосаб арганізаваць сябе.
— Якой зіма была год таму?
— У Кіеве я праводжу ўжо трэцюю зіму.
У мінулым годзе ў мяне быў такі выпадак: я паставіла слоік салёных агуркоў на падаконнік і проста забылася пра яго. І праз некалькі дзён агуркі замерзлі.
— Ого!
— Ну, гэта былі проста замарожаныя агуркі. Настолькі часам было холадна ў кватэры. Я спецыяльна не купляю тэрмометр для памяшкання, бо не хачу сябе засмучаць.
Але так, у мінулым годзе ў мяне з’явілася яшчэ тэрмабялізна, класныя флісавыя касцюмы і ўсё такое, бо знаходзіцца дома было вельмі цяжка.
— Чаго ты чакаеш ад новай зімы? Наколькі ты падзяляеш меркаванні розных экспертаў, журналістаў, публіцыстаў, што зімой можа быць вельмі складана, могуць адбыцца нейкія змены?
— Мне спадабаўся пачатак пытання — чаго я чакаю ад гэтай зімы. Я чакаю, што Расія нарэшце “схлопнецца” і кудысьці знікне з нашай зямлі. Вось гэтага я чакаю больш за ўсё.
На самай справе вельмі шмат розных псіхалагічных аперацый (ІПСА), і вельмі шмат чаго разганяюць менавіта для дэмаралізацыі насельніцтва, у тым ліку пра тое, як можа быць дрэнна: маўляў, рыхтуйцеся, бо ў вас нічога не будзе, і таму падобнае.
Я лічу за лепшае не ўсё гэта прымаць за чыстую манету. Я аддаю перавагу ўсё ж падрыхтоўцы (вядома, прадумваю нейкія планы на выпадак дрэннага развіцця падзей) перад думкамі, што ўсё, цяпер нам дакладна канец, мы не ўбачым ні святла, ні вады, увогуле нічога добрага.
Я спадзяюся, што мы ўбачым падзенне Расіі.
— Ты ўжо казала, што ёсць праблемы з ацяпленнем. А што наконт электрычнасці і водазабеспячэння? Якая, паводле тваіх назіранняў, сітуацыя з гэтымі рэсурсамі?
— Тут нельга прадбачыць нешта. Усё залежыць ад абстрэлаў, ад прылётаў, ад працы ЦЭЦ і ўсяго астатняга.
Складана прагназаваць, як усё будзе, або выбудаваць для сябе нейкі план, бо, мне здаецца, гэта таксама будзе няправільна. Тут можна толькі раскладаць усё па розных сцэнарыях.
Зноў жа, з вадой: восенню мы сутыкаліся з тым, што перыядычна яе не было. Я проста купіла за капейкі партатыўны душ і вялікія ёмістасці. Перыядычна набіраю ў іх ваду, пакуль яна ёсць, каб яна была свежая. Гэта тэхнічная вада, для таго каб неяк памыцца. У мяне ў душавой кабіне стаяць вёдры, заўсёды напоўненыя вадой.
Лепш рыхтавацца, лепш ведаць і не апынуцца ў сітуацыі, калі ў цябе, напрыклад, па раскладзе мыццё галавы, а вады ў запасе ўвогуле няма. Лепш, каб яна была, бо заўсёды спатрэбіцца. Гэта не той прадукт, які можа сапсавацца ці будзе лішнім.
Але даваць нейкую аналітыку, як усё можа быць, мне здаецца, нават экспертам, якія спрабуюць гэта рабіць, не зусім карэктна, бо службы тут вельмі хутка рэагуюць і добра працуюць.
Вялікі дзякуй усім людзям, якія працуюць над наступствамі абстрэлаў, калі гэта датычыцца энергетыкі. Гэта проста героі.
Аналізаваць і нешта прадбачыць — ну камон. У мяне былі б пытанне: а што гэтыя людзі тады ведаюць пра прылёты?
— Мэр Кіева Віталь Клічко заклікаў жыхароў горада па магчымасці з’ехаць на зіму ў іншае месца. Шмат людзей, паводле тваіх назіранняў, скарысталіся парадай?
— Мне здаецца, што большасць кіяўлян хацелі б, каб Клічко сам кудысьці з’ехаў. Ну, будзем шчырымі, так, ёсць пытанні.
Але, вядома, ёсць людзі, якія панікуюць, ёсць людзі, якія прывыклі да пэўнага ўзроўню камфорту. І мы ўсё роўна бачылі, як у розных гарадах, наадварот, павялічваўся попыт на арэндныя кватэры, а іх немагчыма было зняць.
Немагчыма было купіць білеты, калі ўсе раптам пасля такіх гучных заяў вырашалі, што ўсё, заўтра мы збіраем валізкі і едзем куды-небудзь, напрыклад, у Івана-Франкоўск.
Людзі розныя, і гэта ўсё мае права існаваць. Акрамя тых арэндадаўцаў, якія адразу ж павышаюць арэнду ў колькі разоў, бо рана ці позна апынаюцца ў нейкіх непрыемных сітуацыях.
Але глабальна — так, можна было б і Клічко кудысьці ўжо з’ехаць.
— Ці разглядаеш ты сама часовы пераезд з Кіева? І што магло б паўплываць на такое рашэнне?
— Я спадзяюся, што калі мяне не спыніць мой блізкі да пратэрмінавання беларускі пашпарт, то толькі нейкая ядзерная зіма або нешта ў такім духу можа гэтаму паспрыяць.
Бо я абажаю Кіеў, мне вельмі падабаецца гэты горад і яго жыхары. Я тут ўжо перажыла іміграцыю, вайну — усё што заўгодна. Я не так моцна баюся гэтых рэчаў, умею арганізоўваць свой быт.
Таму пакуль я для сябе не бачу такіх рэчаў, якія маглі б прымусіць мяне кудысьці адсюль з’ехаць або чагосьці спалохацца.
Мне хочацца, па-першае, арганізаваць сабе максімальны камфорт, а па-другое, усё ж, магчыма, удзельнічаць у дапамозе іншым людзям, якія апынуцца тут у цяжкай сітуацыі.
Бо я магу сказаць, што ў мяне далёка не самая дрэнная сітуацыя, таму што, як мінімум, калі я ведаю, як замовіць сабе партатыўны душ, то ўжо можна жыць, і ўсё не так дрэнна.
— Ці ёсць у цябе адчуванне, што гарадскія ўлады падрыхтаваліся да зімы і да магчымых абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры?
— Так. Мне здаецца, што ўсё ж так, бо я не ўяўляю, як можна не рыхтавацца да гэтага, улічваючы, што гэта не першы год адбываецца.
Я вельмі спадзяюся на гэта. І, як я ўжо казала, бачу, як класна на ўсё рэагуюць, як хутка стараюцца выпраўляць пашкоджанні, калі яны здараюцца. Гэта ўжо даволі зладжаная праца.
І ўсё ж такі пакуль яшчэ ў многіх раёнах ёсць святло і вада, а ў кагосьці нават ёсць цяпло. Я не лічу, што гэта патавая сітуацыя. Работы праводзяцца — і гэта супер. Я не скажу, што ўсё прапала і нічога ў нас не працуе.
— А што цябе яшчэ падтрымлівае? Ты сама для сябе генерыруеш нейкія пазітыўныя думкі?
— Я нешта раблю. Вось для мяне гэта самае галоўнае. Пакуль ты можаш нешта рабіць, у тым ліку і для іншых людзей, гэта вельмі добра падтрымлівае кукуху.
Гэта дазваляе адцягвацца ад момантаў, калі ты сам, я не ведаю, сядзіш, укручаны ў дзесяць пледаў. Гэта я мінулую зіму ўспамінаю, з тым слоікам змерзлых агуркоў, і думаю: божа, як я ўвогуле апынулася ў гэтай кропцы?
Але калі ты нешта робіш і ў цябе ёсць магчымасць рабіць гэта для іншых людзей, для мяне, дапусцім, гэта вельмі добры стымул на самаадчуванне, на настрой і на погляд на ўсё навокал.
Мне здаецца, ёсць столькі людзей, якія знаходзяцца ў значна горшай сітуацыі, што апускаць рукі яшчэ неяк ранавата.