Міліцыя трэніравалася разганяць "жаночыя маршы"

Вучэнні МУС

Вучэнні МУС / прэс-служба МУС

МУС Беларусі працягвае камандна-штабныя вучэнні, якія пачаліся напярэдадні. 25 лістапада міліцыя адпрацоўвала адразу некалькі эпізодаў.

У першым эпізодзе міліцыя разганяла групу падлеткаў. Паводле ўмоваў, яны нібыта сабраліся каля гандлёвага цэнтра для масавых беспарадкаў, "паддаўшыся заклікам з інтэрнэту". Міліцыянты выяўлялі арганізатараў, блакавалі ўчастак, непаўналетніх садзілі ў службовы транспарт.

Потым супрацоўнікі МУС трэніраваліся разганяць "жаночыя маршы", вядомыя з восені 2020 года: "Другі эпізод — несанкцыянаванае мерапрыемства на плошчы з удзелам жанчын. Тут акцэнт у працы зроблены на манеўраныя групы супрацоўніц".

У трэцяй сітуацыі падчас "масавых беспарадкаў" баявы ланцуг унутраных войскаў МУС "пратэстоўцы" спрабавалі прарваць з дапамогай мікрааўтобуса. "Аўтатранспарт блакуюць, правапарушальнікаў затрымліваюць", — адзначае прэс-служба ведамства.

Таксама міліцыянты адпрацоўвалі сітуацыі, калі агрэсіўны натоўп перакрывае дарогі і калі ўзброеныя зламыснікі захопліваюць адміністрацыйны будынак, дзе пачынаецца пажар.

"Фінальны этап — маштабная спецаперацыя па затрыманні ўдзельнікаў масавых беспарадкаў з перакрыццем вуліцы, працай дронаў, беспарашутным дэсантаваннем байцоў спецпадраздзяленняў з верталёта, блакаваннем ўчастка і арганізацыяй калідора для эвакуацыі людзей", — апісваюць у МУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.