Уначы ў чацвер у Беларусі будзе да 8 градусаў марозу
Зіма, ілюстрацыйнае фота / lookby.media
У чацвер, 26 лістапада, у Беларусі будзе воблачна з праясненнямі, паведамляе Белгідрамет.
Пераважна па паўночна-ўсходняй палове краіны пройдзе невялікі снег. Уначы і зранку месцамі будзе згушчацца слабы туман. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Вецер чакаецца паўночна-заходні — ад слабога да ўмеранага.
Тэрмометры ўначы пакажуць 2-8 градусаў ніжэй за нуль, удзень будзе -4...+1 градус.
У наступныя дні Беларусь акажацца пад уплывам скандынаўскага антыцыклону, цэнтр якога будзе перамяшчацца на Літву.
27 лістапада ўначы будзе воблачна з праясненнямі, удзень чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Вецер будзе паўночнай чвэрці, слабы да ўмеранага. Тэрмометры ўначы пакажуць 2-9 градусаў са знакам "мінус", па поўначы пры праясненнях чакаецца да 12 градусаў марозу. Удзень прагназуецца -5...+1 градус.