Начальніка аддзела міліцыі пакаралі за рускамоўны адказ актывісту
Міліцыя, ілюстрацыйнае фота / БелТА
У Ляхавіцкім раёне міліцэйскага начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі прыцягнулі да адказнасці. Прычынай стаў яго рускамоўны адказ на беларускамоўны зварот. Пра гэты выпадак расказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку актывіст Ігар Случак.
Ён даслаў у Ляхавіцкі РАУС зварот па-беларуску. Адказ яму прыйшоў на рускай мове, хаця закон вызначае, што адказ павінны даваць на той мове, на якой быў напісаны зварот. На гэта і звярнуў увагу Случак.
Новы адказ яму даў часовы выканаўца абавязкаў начальніка аддзела ўнутраных спраў Ляхавіцкага райвыканкама Аляксей Паплаўскі. Ён пагадзіўся з папярэдняй заўвагай. Таксама ён паведаміў Случаку, што "ў дачыненні да начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ляхавіцкага райаддзела /.../ прыняты меры матэрыяльнага ўздзеяння".