Закон аб "ЛГБТ-прапагандзе": беларускія сілавікі мэтанакіравана пераследуюць квір-людзей

Пры гэтым сілавікі не аддаюць дакументы, якія пацвярджаюць факт пераследу

Пры гэтым сілавікі не аддаюць дакументы, якія пацвярджаюць факт пераследу / LookByMedia

З 1 траўня па 31 жніўня 2026 года ініцыятыва TG House атрымала 24 звароты ад ЛГБТК+ людзей з Беларусі, якія сутыкнуліся з пераследам, пагрозамі або рызыкай рэпрэсій. Дзесяцярым з тых, хто звярнуўся, ужо ўдалося эвакуіравацца, у тым ліку пяцярым трансгендарным людзям. Ініцыятыва лічыць, што беларускія сілавікі сталі мэтанакіравана паляваць на квір-людзей.

Афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць факт рэпрэсій — пратаколы, судовыя пастановы або іншыя паперы, — былі толькі ў шасці чалавек з тых, хто звярнуўся.

Арганізацыя задакументавала тры пацверджаныя выпадкі пераследу па артыкуле 19.16 Кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле дадзеных TG House, вядома і пра іншыя выпадкі пераследу за так званую "ЛГБТ-прапаганду", аднак не ўсе з іх удаецца праверыць або пацвердзіць дакументальна.

Як адзначаюць у арганізацыі, чалавеку нярэдка неабходна тэрмінова пакінуць Беларусь яшчэ да з'яўлення афіцыйных дакументаў аб пераследзе, тады як менавіта такія пацвярджэнні часта патрабуюцца пры атрыманні гуманітарнай візы для выезду з краіны. Нават пры наяўнасці пратакола або пастановы ў чалавека не заўсёды ёсць бяспечная магчымасць атрымаць дакумент на рукі.

"Адсутнасць дакументальных пацвярджэнняў рэпрэсій зараз — даволі распаўсюджаная сітуацыя. Пры гэтым па адміністрацыйных справах механізм атрымання пастаноў усё яшчэ працуе", — расказала юрыстка праваабарончага цэнтра "Вясна" Віка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.