Перамовы Украіны, ЗША і Расіі па спыненні вайны могуць адбыцца ў пачатку лістапада
Кіеў пасля абстрэлу / ДСНС Украіны
Памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў заявіў, што Расія гатова аднавіць трохбаковыя перамовы па вайне ва Украіне пасля Дня народнага адзінства 4 лістапада, піша расійскае інфармагенцтва "Інтэрфакс".
"За першую сустрэчу мала што вырашыш, яна будзе насіць, напэўна, такі прыстрэлачны характар", — сказаў Ушакоў.
На гэтым тыдні з візітам у Санкт-Пецярбург для сустрэчы з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным прыязджаў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткоф. Напярэдадні ён сустракаўся з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
Зяленскі заявіў, што паралельна з перамоўным працэсам не павінна зніжацца і іншая падтрымка Украіны. Паводле яго дадзеных, за тыдзень, на працягу якога рабіліся дыпламатычныя намаганні па спыненні вайны, Расія выпусціла па Украіне каля 1600 кіраваных авіябомбаў, 48 ракет розных тыпаў, у тым ліку балістычных, і амаль 2300 ударных дронаў.
"Так Расія рэагуе на дыпламатыю і выхад з ізаляцыі. І вельмі важна, каб паралельна з перамоўным працэсам не зніжалася падтрымка абаронцаў жыцця", — сказаў Зяленскі.
Ён заклікаў разблакаваць пастаўкі ракет-перахопнікаў для сістэм Patriot. Напярэдадні ў інтэрв'ю ABC News украінскі лідар расказаў, што за апошнія тры месяцы Украіна атрымала ад ЗША ўсяго 24 ракеты-перахопніка.