"Няма падставаў казаць пра адлігу ў Беларусі" — Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі / Белсат
"Няма ніякіх падставаў казаць пра адлігу", — так праваабаронца Алесь Бяляцкі ацаніў сітуацыю ў Беларусі.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру выступіў на Саміце свабоды ў Вільні. Гэты форум быў прысвечаны падтрымцы дэмакратычных рухаў у свеце і абароне людзей ад рэпрэсіяў, піша праваабарончы цэнтр "Вясна".
Гаворачы пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, Бяляцкі падзякаваў усім, хто дамагаецца вызвалення палітвязняў рэжыму Лукашэнкі. Ён заклікаў да салідарнасці з беларускім дэмакратычным грамадствам.
Бяляцкі расказаў, якія крытэры выпрацавалі беларускія праваабаронцы для ацэнкі сітуацыі:
— вызваленне палітвязняў;
— магчымасць для беларускіх грамадзян, якіх выслалі і якія выехалі, бесперашкодна вярнуцца ў Беларусь;
— спыненне рэпрэсіяў і палітычна матываванага пераследу ва ўсіх формах;
— мараторый на рэпрэсіўнае заканадаўства.
"Нам мала вызвалення палітычных зняволеных, нам неабходная свабода", — падкрэсліў праваабаронца.