Парламентскія выбары у Сербіі: чаму план Вучыча з “прэзідэнта ў прэм’еры” можа праваліцца
Аляксандр Вучыч / BBC
25 кастрычніка ў Сербіі пройдуць парламентскія выбары, і, падобна, упершыню за апошнія 14 гадоў іх вынікі могуць стаць непрыемнымі для кіроўнай кааліцыі “Адзіная Сербія” і яе лідара — яшчэ нядаўняга прэзідэнта Аляксандра Вучыча.
Справа ў новай палітычнай сіле — “Студэнцкім спісе”. Пасля трагедыі ў Нові-Садзе, калі 1 лістапада 2024 года абваліўся навес на вакзале і загінула 16 чалавек, на вуліцы выйшлі студэнты з патрабаваннем расследвання справы і пакарання вінаватых. Мітынгі хутка перараслі ў магутны пратэстны рух супраць карупцыі і канцэнтрацыі ўлады ў адных руках.
Палітычны крызіс, у якім апынулася Сербія, прымусіў Вучыча сысці ў адстаўку з паста прэзідэнта і аб’явіць датэрміновыя парламентскія выбары, каб вярнуцца ва ўладу ў ролі прэм’ера краіны. Аднак аналітыкі сумняюцца, што гэтым разам план Вучыча спрацуе.
Згодна сацапытанкам, палова выбарцаў збіраецца галасаваць за партыю Вучыча, палова — за “Студэнцкі спіс”. Імаверны сцэнар, калі ніводная парты не атрымае большасці (126 з 250 крэслаў).
“Гэта першы з 2012 сур'ёзны канкурэнт, з якім сутыкаюцца цяперашнія ўлады Сербіі. За апошнія два гады студэнцкі рух ператварыўся ў магутную сілу”, — каментуе BBC выкладчык міжнародных адносін і стратэгій у лонданскім Каралеўскім каледжы Вук Вуксановіч.
Пратэсты каардынуюць студэнцкія камітэты. У іх ёсць пытанні як да дзейнай улады, так і да апазіцыі. Іх мэта — стварыць парламентскую сілу, якая цалкам зменіць сербскую палітыку, а Вучыч больш не будзе вырашаць, якім курсам ідзе Бялград.
У склад “Студэнцкага спісу” уваходзяць людзі, якія ніколі не мелі дачынення да любой палітычнай партыі. Гэта ў асноўным прадстаўнікі інтэлігенцыі і бізнесу. На чале спісу — кардыёлаг і ўніверсітэцкі прафесар Ілія Срдановіч. Большасць традыцыйных апазіцыйных партый гэтым разам вырашылі не выстаўляць сваіх кандыдатаў, каб падтрымаць "Студэнцкі спіс".
Апошнія 14 гадоў палітыкай у краіне кіравала Сербская прагрэсіўная партыя і яе лідар Аляксандр Вучыч, які спачатку быў міністрам, потым прэм’ерам а апошнія 10 гадоў — прэзідэнтам. Фішка Вучыча — славутая шматвектарнасць: калі з аднаго боку ты хочаш быць у ЕС, з іншага — сябраваць з Расіяй і Кітаем.
На думку аналітыкаў, празмерная занятасць Вучыча геапалітыкай прывяла да таго, што ён забыўся на патрэбы шараговага серба. “Студэнцкі спіс” акурат цікавіць шараговы серб і амаль не цікавіць знешняя палітыка, хоць Вучыч называе апанентаў “агентамі Захаду” і сцвярджае, што партыя дыстабілізуе сітуацыю ў краіне.
Калі ніводная з партый не атрымае большасці, ім давядзецца дамаўляцца з малымі партыямі і ствараць кааліцыі. Працэс можа быць няпростым і краіну можа чакаць палітычная нявызначанасць.