Еўрасаюз плануе санкцыі супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў
Санкцыі, ілюстрацыйнае фота / procurious.com
Кіраўніцтва Еўрасаюза абмяркоўвае магчымасць абмежаваць допуск расійскіх і беларускіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы. Пра гэта піша выданне Politico, якое азнаёмілася з дакументамі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў.
Разглядаюцца як варыянты санкцый супраць спартоўцаў, так і скарачэнне фінансавання ЕС для тых федэрацый, якія дазваляюць расіянам і беларусам выступаць на турнірах.
Адзін з варыянтаў — візавыя абмежаванні для тых, хто выступае пад дзяржаўным сцягам, і перагляд размеркавання даходаў ад тэлевізійных правоў.
Раней Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) рэкамендаваў спартовым федэрацыям зняць усе абмежаванні на ўдзел беларусаў у спаборніцтвах. Аднак не ўсе федэрацыі пайшлі на такі крок. Дзевяць краін звярнуліся ў Еўракамісію з прапановай выключыць МАК з праграмы фінансавання ЕС за допуск на турніры спартоўцаў Расіі ды Беларусі.