Вітрыны забілі дошкамі, на вакзалах правяраюць людзей — новыя пратэсты ў Францыі
Паліцэйскія ў Парыжы 24 кастрычніка 2026 года / 24 France
Французы зноў выйшлі на агульнанацыянальны пратэст. Каб пазбегнуць пагромаў, якія здарыліся ў краіне тыдзень таму, улады ўвялі абмежаванні.
Па-першае, дазволены толькі акцыі, арганізаваныя прафсаюзамі. Па-другое, у многіх гарадах уведзены забароны ці абмежаванні на зборы. Па-трэцяе, змяняюцца раней зацверджаныя маршруты маршаў — у Парыжы такі крок уладаў аспрэчвалі ў судзе. У Ліоне сілавікі разагналі некалькі дзясятаў чалавек ля мясцовага ўніверсітэта.
Праз усё гэта ў кіраўніцтва краіны ляцяць абвінавачванні ў аўтарытарных замашках. Да таго ж, мяркуюць левыя, улады такімі дзеяннямі "спрыяюць дэзарганізацыі шэсцяў" і "сеюць блытаніну, то бок — паніку".
Паліцыя рапартуе, што ад раніцы ў Парыжы правяраюць людзей на вакзалах і ў грамадскім транспарце. Паліцыя паведамляе пра затрыманне 135 чалавек, канфіскаваныя выбухоўкі і працівагазы. Гаспадары дарагіх буцікоў забіваюць вітрыны дошкамі. Закрытыя некаторыя станцыі метро.
Міністр унутраных спраў Ларан Нуньес заявіў, што для прадухілення паўтарэння гвалту мінулага тыдня будзе задзейнічана 70 000 паліцыянтаў пры падтрымцы спецыялізаваных падраздзяленняў.
У Парыжы, паводле ацэнкі паліцэйскай разведкі, якую атрымала газета Le Monde, у суботу на вуліцы могуць выйсці ад 60 000 да 120 000 чалавек.
Пратэсты пачаліся з незадаволенасці школьнікаў і студэнтаў недахопам настаўнікаў, перапоўненымі класамі і дрэннымі ўмовамі ў школах. Але хутка да іх далучыліся прафсаюзы і іншыя грамадзяне, якія выступаюць супраць росту коштаў, нізкіх заробкаў і скарачэння дзяржаўных выдаткаў.
17 кастрычніка пратэст выйшаў з-пад кантролю. Пачаліся сутыкненні з паліцыяй і пагромы.