У Беларусі дагэтуль застаюцца каля 100 затрыманых літоўскіх грузавікоў
Затрыманыя літоўскія фуры, архіўнае фота / Мытны камітэт Беларусі
У Беларусі дагэтуль застаецца каля 100 літоўскіх фураў з амаль 4000 грузавікоў, затрыманых летась. Такую лічбу назваў кіраўнік асацыяцыі грузаперавозчыкаў Эрландас Мікенас у каментары выданню 15min.lt.
Па словах Мікенаса, хутчэй за ўсё, уладальнікі грузавікоў адмовяцца ад аўтамабіляў: "Сітуацыя такая, што плата за вымушаную працяглую стаянку на пляцоўках у Беларусі вышэйшая, чым кошт самой фуры. Эканамічны разлік падказвае рашэнне".
Увосень 2025-га Літва перакрыла мяжу з Беларуссю ў адказ на частыя запускі метэазондаў, якія перашкаджалі працы Віленскага аэрапорта. Гэтыя дзеянні беларускага боку былі ахарактарызаваныя як "гібрыдная атака". У адказ беларускі бок заблакаваў выезд літоўскім фурам на некалькі месяцаў і выставіў вялікія рахункі за захоўванне машын на спецстаянках. Аўтамабілі не выпусцілі нават пасля таго, як Літва адкрыла мяжу. Толькі ўвесну 2026-га, праз некалькі месяцаў, перавозчыкі змаглі вярнуць сваю тэхніку. Аднак для некаторых уладальнікаў аказалася танней пакінуць машыны, чым выкупляць іх у Беларусі.