"Штадлер Мінск" ацаніў лакалізацыю цягнікоў для БЧ, за аснову браўся досвед Азербайджана
Ключавыя кампаненты — ад еўрапейскіх вытворцаў / belzhd.info
Прадпрыемства "Штадлер Мінск" у сакавіку 2025 года склала пералік асноўных кампанентаў для ацэнкі магчымасці іх вытворчасці ў Беларусі для праекта па стварэнні электра- і дызель-цягнікоў для Беларускай чыгункі. Пра гэта піша "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" са спасылкай на дакументы праекта L-4093 і пераліку кампанентаў.
За аснову ўзяты пяцівагонны электрацягнік FLIRT, распрацаваны для Азербайджанскіх чыгунак. Для беларускай магістралі прадугледжана чатырохвагонная версія.
Праект L-4093 прадугледжвае выпуск 30 чатырохвагонных электрацягнікоў пераменнага току, усяго 120 вагонаў. Цягнік разлічаны на 422 пасажыры: 204 месцы для сядзення і 218 — для стаяння.
Паводле дадзеных супольнасці, параўнанне спецыфікацый паказвае, што вузлы азербайджанскіх цягнікоў пастаўляюць еўрапейскія вытворцы.
Цягавыя рухавікі выпускае аўстрыйская TSA, сілавыя модулі пераўтваральніка — швейцарская ABB, дызельныя рухавікі — нямецкая Deutz. Тармазныя сістэмы пастаўляюць Knorr-Bremse і STAWI, счапныя прылады — Voith, сістэмы кіравання — Selectron.
Расійскія і кітайскія вытворцы ў спісе камплектуючых адсутнічаюць.
Паводле крыніцы, беларускія заводы плануюць прыцягваць пераважна да выпуску механічных дэталей: колавых пар, тармазоў, крэслаў, шклення і кліматычных сістэм.
На прадпрыемствах Беларусі хочуць асвоіць зборку дызель-генератараў і трансфарматараў. Вытворцаў цягавых пераўтваральнікаў, цягавых рухавікоў, сістэм кіравання, токапрымальнікаў, дзвярэй і счэпак у Беларусі няма.
Паводле разлікаў па цэнах азербайджанскага кантракта, 30 электрацягнікоў ацэньваюцца ў суму ад 250 да 310 мільёнаў еўра без ПДВ. Пастаўка 35 дызель-цягнікоў ацэньваецца прыкладна ў 420 мільёнаў еўра.
Нагадаем, завод у Фаніпалі адкрыты ў 2014 годзе. Пасля 2022 года еўрапейскія санкцыі абмежавалі пастаўкі гатовых цягнікоў і камплектуючых, і канцэрн перанёс частку вытворчасці ў Польшчу і Казахстан.
Першая перадача цягнікоў па праекце L-4093 запланавана на сярэдзіну снежня 2027 года.