У аўтаперавозчыка ў Гродне скралі пасажыраў
Аўтобусы "Атласбас" / company.atlasbus.by
На гродзенскім вакзале ў перавозчыка ўгналі... пасажыраў. Калі яны падыходзілі да платформы, іх падманам прымусілі сесці не ў тую маршрутку. Дзіўная гісторыя адбылася з людзьмі, якія збіраліся ехаць з Гродна ў Мінск праз сэрвіс "Атласбас".
"У мяне было апавяшчэнне, што ў 17:50 я паеду на сінім бусе "Фальксваген". Я прыйшла крыху раней. Убачыла на платформе маршрутку такога колеру. Але на падыходзе мяне перахапіў мужчына. Спытаў, на які я час, і сказаў, што паедзем на іншай маршрутцы. Узяў за праезд гатоўкай", — кажа адна з пасажырак.
Другую таксама перахапілі падобным чынам. Яшчэ да прыезду яе маршруткі побач з платформай з'явіўся белы "Фальксваген". Такі ж бус быў указаны ў браніраванні, а нумар дзяўчына спраўджваць не стала.
У выніку да Мінска давялося ехаць на дабітым мікрааўтобусе, без кандыцыянера і з наглуха закрытымі форткамі. Незадаволеныя пасажыры паскардзіліся ў сэрвіс. Там са здзіўленнем зразумелі, што адбылося. Цяпер рыхтуецца заява ў міліцыю.