Аўтара быхаўскай скульптуры выгналі з Саюза мастакоў на загад чыноўнікаў
Аляксандр Мінькоў / ctv.by
Магілёўскага скульптара Аляксандра Мінькова выключылі з Беларускага саюза мастакоў (БСМ), у якім ён быў з 2007 года, з ініцыятывы абласных чыноўнікаў. Пра гэта сведчыць копія ліста БСМ, якую апублікаваў у Фэйсбуку архітэктар Андрэй Каравянскі.
Праз чатыры дні пасля адкыцця скульптуры "Жанчыне-маці", калі ў інтэрнэце кацілася хваля абурэння, чыноўнікі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама даслалі ліст у саюз мастакоў. У ім гаварылася пра "выяўленыя факты ўстаноўкі твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, выкананых Міньковым Аляксандрам Віктаравічам з адхіленнямі ад узгодненых эскізных праектаў".
Аблвыканкам у сваім лісце запатрабаваў выключыць Мінькова з шэрагаў творчага саюза. Старшыня БСМ Андрэй Васілеўскі 10 лістапада пераслаў ліст у магілёўскую абласную арганізацыю, каб яго там разгледзелі, прынялі меры і ў самы кароткі тэрмін паінфармавалі кіраўніцтва.
Справу Мінькова разгледзелі на пасяджэнні 23 лістапада. Пасля яго завяршэння скульптар сам напісаў у каментарах пад допісам Каравянскага пра вынікі галасавання: "Пасяджэнне скончылася. Усе прагаласавалі супраць мяне. Акрамя двух чалавек. Сказалі, што мы за цябе павінны аддувацца".
"Наша Ніва" звяртае ўвагу, што на тэлеканале АНТ яшчэ 21 лістапада заявілі пра добраахвотны выхад Мінькова з Саюза мастакоў і паказалі яго заяву, напісаную ад рукі.
Каментар Мінькова пра галасаванне, на якім яго падтрымалі два чалавекі, супярэчаць афіцыйнай версіі добраахвотнага выхаду.
Пасля скандалу Мінькоў дапрацаваў быхаўскую скульптуру. Аднак гарадскія чыноўнікі пакуль не прынялі яе, таму статуя стаіць абгорнутая ў чорны поліэтыленавы пакет.