Праўладныя тэлеграм-каналы страчваюць уплыў на беларусаў — даследаванне

Надпiс "Беларусь" на будынку Палаца Рэсублiкi

Надпiс "Беларусь" на будынку Палаца Рэсублiкi / LookByMedia

Колькасць згадак пра пра дэмакратычныя сіла ў праўладных тг-каналах скарацілася амаль удвая. Галоўным аб’ектам агрэсіі застаўся Захад. А доля згадак Украіны як ворага вырасла з 16% да 26%. Такія даныя атрымаў даследчык Цэнтра новых ідэй Аляксандр Стуканаў

Разам з калегамі ён прадставіў вынікі маштабнага маніторынгу беларускага праўладнага тэлеграма. Даследаванне ахоплівае апошнія паўтара года — перыяд са студзеня 2025-га па травень 2026-га. А масіў прааналізаваных даных склаў 170 тысяч публікацый у 33 аналітычных і афіцыйных каналах.

Еўрарадыё прааналізавала дакумент, з якога вынікае, што дзяржаўная прапаганда паціху, але страчвае ўплыў у тэлеграме. 

 

Вертыкаль замест супольнасці

За вонкавай разнастайнасцю дзясяткаў рэжымных тэлеграм-каналаў хаваецца строга цэнтралізаваная сістэма распаўсюджання інфармацыі.

Галоўным вытворцам кантэнту застаецца канал “Пул Першага” Аляксандра Лукашэнкі, які вядзе яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант. На яго дзейнасць прыпадае 67% усіх рэпостаў у сетцы. Пры гэтым сам “Пул Першага” практычна ігнаруе іншыя рэсурсы, зрабіўшы ўсяго 14 рэпостаў за паўтара года.

Інфармацыйны паток інфармацыі “Пула” рухаецца праз прамежкавыя рэтранслятары: канал інфаагенцтва БелТА (забяспечвае 37% зробленых у сетцы рэпостаў) і канал “ЖС Premium”, які дае яшче 16% рэпостаў. Абодва каналы супольна кантралююць 62% сеткавага аўтарытэту па паказчыку PageRank.

Праўладныя тэлеграм-каналы страчваюць уплыў на беларусаў — даследаванне
Ахоп і ўцягнутасць аўдыторыі ў прапагандысцкіх каналах / Табліца Цэнтра новых ідэй

Даследаванне фіксуе выразны разварот дзяржаўнай прапаганды ад унутранай праблематыкі да парадку дня знешняй палітыкі Лукашэнкі. Доля публікацый пра ўнутраную палітыку скарацілася з 25% да 17%, саступаючы месца знешняй палітыцы і бяспецы, доля якіх у асвятленні вырасла да 25%.

Сярод публічных асоб у згадках лідзіруе Аляксандр Лукашэнка (12 654 згадкі), затым ідзе Дональд Трамп (10 310 згадак), а беларускія чыноўнікі другога эшалона ці іншыя палітыкі амаль не згадваюцца.

 

Фабрыка капіпасты і зніжанай агрэсіі 

Даследчыкі лічаць, што прапагандысцкі тэлеграм дэманструе глыбокі крызіс арыгінальнасці.

Прамая перадрукоўка чужога кантэнту дае 52% напаўнення, а ўнікальныя аўтарскія матэрыялы складаюць усяго 1% публікацый. Нават каналы, якія раней пазіцыянаваліся як самастойныя, ператварыліся ў агрэгатары: у “Беларускага сілавіка” доля капіпасты дасягае 84%, а ў “Аб’ектыўнага Яўгена” — 75%.

Адначасова адбыўся падзел функцый паміж каналамі. Афіцыйныя і інстытуцыйныя рэсурсы малююць выключна пазітыўную карціну дасягненняў: на канале грамадскага аб’яднання “Белая Русь” 78% допісаў пазітыўныя, на канале Савета Рэспублікі — 75%.

Праўладныя тэлеграм-каналы страчваюць уплыў на беларусаў — даследаванне
Колькасць узгадак беларускіх і замежных палітыкаў у публікацыях прапаганды / Графік Цэнтра новых ідэй

Таксічнасць і мова нянавісці сканцэнтраваліся ў вузкай групе каналаў прапагандыстаў-каментатараў: у допісах інфаказачкі Вольгі Бондаравай мова нянавісці гучыць у 27% выпадкаў, у тэлепрапагандыста Рыгора Азаронка — у 20%. У сярэднім па сетцы агульны ўзровень мовы нянавісці знізіўся з 11% да 7%, што свeдчыць пра пераход сістэмы да руціннай формы маўлення пасля шалёнага хейту пачатку 2020-х.

 

Ілюзія маштабу і словы ў пустэчу

Нязменны аб’ём публікацый суправаджаецца падзеннем рэальнай увагі чытачоў да кантэнту дзяржпрапаганды.

Калі не ўлічваць канал “Беларускі сілавік”, на які прыпадае 66% усіх праглядаў выбаркі, агульны ахоп праўладнай сеткі за 17 месяцаў скараціўся на 32% — з 85 млн да 58 млн праглядаў у месяц.

Даследаванне выкрывае разрыў паміж праглядамі і рэакцыяй аўдыторыі: у буйнога вяшчальнага канала “Пул Першага” залучанасць складае ўсяго 0,14%. Пры гэтым карыстальнікі ў 2–3 разы часцей рэагуюць на агрэсіўны кантэнт і мову нянавісці.

Праз гэта аналітыкі прыходзяць да высновы, што праўладны сегмент тэлеграма страціў здольнасць пераконваць новую аўдыторыю ў сваёй праваце і ператварыўся ў інфраструктуру пастаяннай прысутнасці ў інфармацыйным полі, якая генеруе кантэнт нават пры няўхільным падзенні цікавасці да яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.