Ідэолагам у Рэчыцы прызначылі ўладальніка кувалды "Вагнера"
Уладзімір Габроў / Кадр з роліка Рэчыцкага ўпраўлення тэхналагічнага транспарту
На структуры "Беларуснафты" ў Рэчыцы адказным за ідэалогію і моладзь стаў уладальнік кувалды ПВК "Вагнер"
Гэта Уладзімір Габроў — кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба "Скіф", піша выданне "Флагшток". У роліку Рэчыцкага ўпраўлення тэхналагічнага транспарту Габроў паказаны за працоўным сталом, а ў іншых публікацыях ён пазначаны як супрацоўнік ідэалагічнай службы.
Гэтую пасаду ён займае з верасня 2025 года. А да таго згадак пра такую пасаду на прадпрыемстве журналісты не выявілі.
Яшчэ ў 2024-м Габроў працаваў на вытворчасці.
Перад поўнамаштабным расійскім уварваннем ён заклікаў украінскіх вайскоўцаў здавацца, а ўлетку 2022-га адкрыта рэкламаваў набор у расійскую ПВК "Вагнер".
У 2023 годзе Габроў атрымаў ад прадстаўніка "Вагнера" кувалду з сімволікай групоўкі. Пазней ён зрабіў яе экспанатам музея ў рэчыцкай гімназіі.