БАЖ заклікаў палітыкаў з павагай ставіцца да дзейнасці медыя

"Ніякая крытыка не можа служыць апраўданнем для палітычнага ціску, пагроз, дэананімізацыі журналістаў, дыскрэдытацыі (...)"

"Ніякая крытыка не можа служыць апраўданнем для палітычнага ціску, пагроз, дэананімізацыі журналістаў, дыскрэдытацыі (...)" / Euroradio/OpenAI

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) падрыхтавала заяву з нагоды ўсё большага ціску з боку ўжо не толькі рэжыму Лукашэнкі, але і некаторых "дэмакратычных" палітыкаў і актывістаў. Тэкст падтрымалі Прэс-клуб Беларусь, ПЭН-цэнтр і Free Press for Eastern Europe.

Прыводзім заяву цалкам:

***

Апошнім часам з боку некалькіх беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў прагучалі жорсткія заўвагі на адрас беларускіх незалежных медыя і прапановы фактычна ўзяць іх пад кантроль.  

Нічога новага ў гэтым няма. Беларускія незалежныя медыя ўжо дзесяцігоддзямі сутыкаюцца і з абвінавачаннямі ў ангажаванасці і са спробамі ціску. Часцей за ўсё яны паходзяць ад беларускіх уладаў. Але часам пра гэта гавораць і палітыкі быццам бы дэмакратычнага напрамку, на іх думку, «журналісты пішуць не тое і не так».

Даходзіць да недарэчных заяў пра нібыта «напампоўку незалежных СМІ грашыма», і такія сцверджанні цалкам скажаюць рэчаіснасць. Незалежныя медыя сёння працуюць ва ўмовах жорсткага дэфіцыту рэсурсаў, іх бюджэты зусім непараўнальныя з тымі, што маюць праўладныя прапагандысты. І тым не менш ахоп і ўплыў незалежных медыя ў Беларусі застаецца істотным. Пра гэта сведчаць мільёны наведнікаў на відэаплатформах, сайтах і ў сацыяльных сетках.

Зусім безадказна гучаць заклікі дэананімізаваць журналістаў незалежных медыя ці нават пікетаваць рэдакцыі. Усе медыясупрацоўнікі сутыкаюцца з велізарнымі рызыкамі праз сваю працу з прычыны прызнання рэдакцый СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і крымінальнага пераследу за супрацу з імі. Ціск на сваякоў, арышты маёмасці, завочныя крымінальныя справы і прысуды, абвешчанне ў міждзяржаўны вышук — гэта толькі частка форм транснацыянальнага пераследу, які зазнаюць журналісты. Паводле звестак БАЖ, з крымінальным вышукам ужо сутыкнуліся больш за 100 беларускіх журналістаў у выгнанні. Спробы дэананімізацыі толькі аблегчаць працу беларускага рэпрэсіўнага апарату.

Незалежныя медыя не могуць быць вызваленыя ад крытыкі, адказнасці за памылкі або ад патрабаванняў да якасці і фінансавай празрыстасці, аднак ніякая крытыка не можа служыць апраўданнем для палітычнага ціску, пагроз, дэананімізацыі журналістаў, дыскрэдытацыі ўсяго незалежнага медыясектара або спроб падпарадкаваць яго палітычнаму кантролю.

Стандарт свабоды слова, у тым ліку ў яго трактоўцы Еўрапейскім судом па правах чалавека, зыходзіць з прынцыпу, што дапушчальныя межы крытыкі ў дачыненні да палітыкаў і грамадскіх дзеячаў шырэйшыя, чым у дачыненні да прыватных асоб. Згодна з гэтым стандартам, палітыкі і грамадскія дзеячы могуць на законных падставах станавіцца аб’ектам крытыкі. Гэтыя людзі добраахвотна выходзяць у публічную прастору, іх дзейнасць нясе грамадскі інтарэс, і грамадства павінна мець магчымасць яе абмяркоўваць.

Пры гэтым стандарт свабоды слова абараняе не толькі крытыку на адрас такіх асоб, але і пэўную ступень рэзкасці, перабольшання, правакацыйнасці і нават раздражняльнай формы яе падачы. Выказваць незадаволенасць такімі публікацыямі — права кожнага чалавека. Аднак пагрозы выкарыстаць пэўныя механізмы ціску, у тым ліку датычныя бяспекі журналістаў, — гэта ўжо спроба цэнзуры, што недапушчальна.

Беларускія незалежныя медыя імкнуцца прытрымлівацца міжнародных прафесійных стандартаў, нягледзячы на пагрозы і пераслед. Менавіта гэта дазваляе беларускаму незалежнаму медыясектару захоўваць давер аўдыторыі ды пашыраць яе.

Выказваем падтрымку беларускім незалежным медыя і журналістам і заклікаем дэмакратычных палітыкаў і актывістаў з павагай ставіцца да іх дзейнасці, накіраванай на ўстанаўленне свабоды меркаванняў і іх выказвання ў Беларусі.

***

Еўрарадыё цалкам падтрымлівае гэтую заяву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.