Маразы, снег і завеі: якой будзе зіма ў Беларусі? Адказвае кліматолаг

Зіма ў Беларусі становіцца ўсё менш прадказальнай. Але ж мы паспрабавалі зрабіць прагноз

Зіма ў Беларусі становіцца ўсё менш прадказальнай. Але ж мы паспрабавалі зрабіць прагноз / LookByMedia

— Ёсць падставы гаварыць пра магчымасць фарміравання першага снежнага покрыва ў Беларусі ў другой палове лістапада. Разлікі паказваюць, што да 25 лістапада ў Віцебскай вобласці можа выпасці нават больш за 7 см снегу. У параўнанні з гэтым у Гродне і Гомелі прагназуецца не больш за 2 см, а ў Брэсце і Брэсцкай вобласці — увогуле нуль, — кажа эксперт альянсу “Зялёная Беларусь” Уладзіслаў Шумак.

Кліматолаг распавёў Еўрарадыё, якая чакаецца зіма ў Беларусі, што будзе са снегам і маразамі і ці чакаць чарговы “Хаўер”.

— Зіма становіцца ўсё менш прадказальнай. На фоне глабальнага пацяплення сярэднія зімовыя тэмпературы павышаюцца. Але гэта зусім не азначае, што знікаюць моцныя маразы, снегапады і завеі.

Наадварот, у межах аднаго сезона могуць чаргавацца працяглыя адлігі, дажджы, мокры снег і рэзкія пахаладанні, — распавядае Уладзіслаў.

Эксперт дадае, што сезонныя мадэлі паказваюць найбольш верагодныя тэндэнцыі, але не могуць дакладна прадказаць, колькі снегу выпадзе ў канкрэтным горадзе ў студзені ці калі прыйдзе моцная завея.

— Паводле апошніх сезонных прагнозаў Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я і матэрыялаў Copernicus, з 10 лістапада ў Еўропе захоўваецца тэндэнцыя да адносна цёплай і вільготнай зімы.

Асноўная прычына — актыўная цыркуляцыя атмасферы над Атлантыкай і моцныя заходнія патокі, якія пераносяць у Еўропу вільготнае і адносна цёплае акіянічнае паветра. Гэта стварае ўмовы для частага праходжання цыклонаў, ападкаў і рэзкіх змен тэмпературы.

Але Беларусь знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж атлантычным і кантынентальным кліматам. Таму тут магчымыя два супрацьлеглыя сцэнарыі: пры перавазе заходняга пераносу — адлігі і мокры снег, асабліва на захадзе Беларусі, а пры паступленні арктычнага або кантынентальнага паветра — устойлівыя маразы, напрыклад, у Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

На сёння найбольш верагодна, што зіма будзе няўстойлівай, з чаргаваннем адліг і пахаладанняў, а не з бесперапынным трохмесячным марозным перыядам, — кажа кліматолаг.

Ці чакаць лютых маразоў?

Уладзіслаў Шумак лічыць, што маразы абавязкова прыйдуць. Але пакуль няма падстаў сцвярджаць, што яны будуць працяглымі і асабліва суровымі.

— У Беларусі нават пры цёплай у сярэднім зіме магчымыя кароткія перыяды з тэмпературай да −20 °C, а пры інтэнсіўных уварваннях халоднага арктычнага паветра — яшчэ ніжэйшай.

Асобнай увагі заслугоўвае стан палярнага віхру — маштабнай сістэмы моцных вятроў у верхніх пластах атмасферы. Лістападаўскія разлікі паказваюць на магчымасць яго парушэння ў студзені–лютым. 

Маразы, снег і завеі: якой будзе зіма ў Беларусі? Адказвае кліматолаг

Калі такое парушэнне адбудзецца, яно можа павялічыць верагоднасць пранікнення арктычнага паветра ў сярэднія шыроты, у тым ліку ва Усходнюю Еўропу. Аднак гэта яшчэ не гарантуе моцных маразоў менавіта ў Беларусі, — робіць прагноз эксперт.

Снег засыпле Беларусь?

Першыя прыкметныя снегапады магчымыя ўжо ў трэцяй дэкадзе лістапада, прадказвае Шумак.

— Паводле разлікаў еўрапейскай мадэлі, пачынаючы прыкладна з 20–21 лістапада верагоднасць снегу ў Беларусі істотна павялічыцца, і снежнае покрыва можа пачаць фарміравацца найперш у паўночных раёнах краіны.

Сезонныя разлікі на зіму 2026–2027 гадоў пакуль не даюць падстаў чакаць незвычайна снежнай зімы на ўсёй тэрыторыі краіны. Для большай часткі Еўропы прагназуецца менш снегу, чым звычайна, — кажа кліматолаг.

Ці прыйдзе цыклон “Хаўер”, як у сакавіку 2013 года?

Для паўтарэння падобнай сітуацыі павінны супасці некалькі фактараў, кажа Шумак. Ён пералічвае галоўныя з іх: актыўны цыклон, вялікая колькасць вільгаці, дастаткова халоднае паветра і моцны вецер.

— Такое спалучэнне магчымае і гэтай зімой. Больш за тое, актыўная цыкланічная дзейнасць павялічвае верагоднасць небяспечных зімовых з’яў.

Аднак на сёння няма падстаў прагназаваць для Беларусі канкрэтны цыклон маштабу “Хаўера”. Прадказаць падобную падзею можна толькі пры набліжэнні адпаведнай сінаптычнай сітуацыі, звычайна за некалькі дзён.

Варта таксама памятаць, што небяспеку ўяўляюць не толькі моцныя снегапады. Пры частых пераходах тэмпературы праз нуль не менш сур’ёзнымі праблемамі становяцца ледзяны дождж, галалёд і наліпанне мокрага снегу на дрэвы і лініі электраперадачы, — папярэджвае Уладзіслаў.

Як зімовае надвор’е адаб’ецца на сельскай гаспадарцы Беларусі?

Для сельскай гаспадаркі галоўная небяспека — не столькі моцны мароз сам па сабе, колькі спалучэнне нізкіх тэмператур, адліг, недахопу снегу і пераўвільгатнення глебы, кажа кліматолаг.

Маразы, снег і завеі: якой будзе зіма ў Беларусі? Адказвае кліматолаг

— Першы фактар — гэта перазімоўка азімых культур. У Беларусі гэта асабліва актуальна для азімай пшаніцы, жыта, трыцікале і ячменю, а таксама рапсу.

Снежнае покрыва выконвае ролю натуральнай цеплаізаляцыі. Калі на паверхні глебы ляжыць 10–20 см рыхлага снегу, ён можа істотна змякчаць уздзеянне моцных маразоў на вузел кушчэння збожжавых культур.

Але калі снегу няма, а тэмпература рэзка паніжаецца да −5, −10 ці −15 °C, рызыка пашкоджання раслін павялічваецца. Асабліва ўразлівыя пасевы, якія не паспелі добра загартавацца восенню, — кажа Шумак.

— Другі фактар — частыя адлігі. Падчас працяглых адліг расліны могуць часткова страчваць марозаўстойлівасць. Калі пасля гэтага вяртаецца моцны мароз, павялічваецца рызыка іх пашкоджання.

Трэці фактар — пераўвільгатненне глебы. Калі зіма будзе цёплай і багатай на дажджы, асабліва ў заходніх і паўднёвых рэгіёнах, глеба можа насычацца вадой. Гэта пагаршае стан каранёвай сістэмы і стварае праблемы для правядзення ранніх вясновых палявых работ.

Чацвёрты фактар — шкоднікі і хваробы. Мяккія зімы спрыяюць выжыванню асобных шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб. Але іх развіццё вясной таксама залежыць ад вільготнасці, тэмпературы і стану пасеваў.

І яшчэ адзін важны момант: цёплая зіма неабавязкова спрыяльная  для сельскай гаспадаркі. Часам устойлівыя маразы пад дастаткова тоўстым снежным покрывам значна бяспечнейшыя для азімых культур, чым пастаянныя ваганні тэмпературы каля нуля, — падсумоўвае Уладзіслаў Шумак.

Маразы, снег і завеі: якой будзе зіма ў Беларусі? Адказвае кліматолаг

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.