ЕС выкрасліў бізнесоўцаў Гуцэрыева і Шаўцова з "беларускага чорнага спісу"

Міхаіл Гуцэрыеў

Міхаіл Гуцэрыеў

7 кастрычніка амбасадары краінаў Еўрасаюза выключылі з "беларускага" санкцыйнага спісу двух бізнэсоўцаў — расіяніна Міхаіла Гуцэрыева і беларуса Віктара Шаўцова. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са словаў свайго брусельскага карэспандэнта Рыкарда Юзвяка.

Разам з тым Гуцэрыеў працягне заставацца пад санкцыямі, якія на яго ўвялі 23 ліпеня 2026 года за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

У "беларускі" санкцыйны спіс Гуцэрыеў трапіў 21 чэрвеня 2021 года. Савет ЕС  назваўа яго даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, які фінансава падтрымліваў ягоны рэжым і атрымліваў ад гэтага выгаду.

Бізнесовец некалькі гадоў аспрэчваў санкцыі. Урэшце Агульны суд ЕС скасаваў падаўжэнне санкцый супраць яго. У апошнім рашэнні суд адзначыў, што Савет ЕС не падаў дастатковых актуальных доказаў таго, што Гуцэрыеў па-ранейшаму падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ці мае ад яго выгаду.

Віктар Шаўцоў — былы старшыня назіральнай рады банку "Рашэнне", які раней дзейнічаў пад назвамі "Інфабанк" і "Трастбанк". Савет ЕС спасылаўся на яго сувязі з вытворчасцю ахоўных галаграмаў у Беларусі праз кампаніі "Тэхнахімтрэйд" і "Галаграфічная індустрыя". Пад санкцыі ён трапіў у жніўні 2024 года за тое, што атрымліваў выгаду ад манаполіі, штучна створанай дзяржавай. Пры падаўжэнні санкцыяў у лютым 2025-га Савет ЕС спаслаўся на ролю Шаўцова як ганаровага консула Філіпінаў у Беларусі, а таксама на меркаваныя сувязі з банкам "Рашэнне" і музейным комплексам "Дудуткі", які, паводле Савета ЕС, атрымліваў выгаду з дзяржаўнага бюджэту.

У красавіку 2026-га Агульны суд ЕС ануляваў санкцыі супраць Шаўцова, палічыўшы іх недастаткова абгрунтаванымі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.