"Вы дастанеце ўсё з кішэняў". Добра падумайце, перш чым браць іпатэку пад 1%
Жылыя дамы ў Мінску
"Беларусбанк" прапануе іпатэку пад 1%. На першы погляд, гэта вельмі выгадная прапанова. Але эканамічная аглядальніца Вольга Лойка ў эфіры Еўрарадыё заклікала беларусаў уважліва палічыць усе лічбы і прыняць узважанае рашэнне.
— Ільготны перыяд — на 2 гады. Першы год ты будзеш плаціць толькі працэнты, потым другі год — значыць, ужо і працэнты, і цела крэдыту па стаўцы 1%. А потым здарыцца страшнае: твой крэдыт ператворыцца ў монстра, які будзе патрабаваць 15,5% у год, — разважае экспертка.
І гэтыя 15,5% насамрэч шмат гавораць пра тое, як найбуйнейшы дзяржаўны банк бачыць эканоміку Беларусі і яе будучыню.
— 15,5% — гэта так "Беларусбанк" (заўважце, дзяржаўны банк) прыкладна ацэньвае тэмп росту цэн і гэтак далей. Ну або ён, выбачайце, проста тупа нажываецца на бедных няшчасных беларусах, таму што 15,5% — гэта вельмі шмат, асабліва калі ў вас інфляцыя 4% і вы ў гэта верыце, і верыце, што ў будучыні яна таксама будзе недзе каля гэтага паказчыка.
Так, насамрэч вы не верыце: вы закладваеце ўсе рызыкі і даяце інструмент, сапраўды выгадны ў пэўнай сітуацыі, але далёка не ва ўсіх выпадках, — сцвярджае Лойка.
І заклікае беларусаў добра ўсё палічыць, перш чым улазіць у гэтую гісторыю.
— Я вельмі спадзяюся, што ў беларусаў хопіць эканамічнай пісьменнасці на тое, каб не рабіць глупствы і не ўлазіць у гэты крэдыт, калі ў вас няма вялікай сумы на першы ўзнос або ў вас няма там кватэры, якую вы прадасце, каб пагасіць большую частку гэтага крэдыту на працягу 2 гадоў, і не будзеце плаціць па стаўцы 15,5%, таму што гэта фантастычна высокая стаўка, — папярэджвае Лойка.
Што кажа пра стан эканомікі Беларусі дадзеная прапанова? Экспертка ўпэўнена, што гэта спроба ўрада хоць неяк падтрымаць рост за кошт беларусаў.
— Калі ў вас нешта ёсць, вы можаце гэтае нешта памяняць на нешта лепшае, падтрымаўшы айчынную эканоміку ўсімі сіламі. Таму што вы фактычна дастанеце ўсё з кішэняў: будзеце выплачваць гэты крэдыт, будзеце ўладкоўвацца, купляць усё для новай сваёй хаткі, абжывацца, на другасны рынак пяройдзе ваша цяперашняе жыллё.
А будаўніцтва і ўнутраны попыт увогуле — гэта тое, на што робіцца стаўка. Задача цяпер — максімальна мабілізаваць народ: дастаць зберажэнні, браць крэдыты, укладваць. І на гэтым мы паспрабуем яшчэ крыху расці, — упэўнена Вольга Лойка.