Каму з беларусаў падыдзе іпатэка пад 1% і ці такая ўжо выгадная прапанова "Беларусбанка"
Будоўля жылля ў Мінску / LookByMedia
“Беларусбанк” прапануе іпатэку пад 1%. Што стаіць за такой стаўкай і для каго яна сапраўды можа быць выгаднай?
У эфіры Еўрарадыё эканамістка BEROC Анастасія Лузгіна сцвярджае, што рост колькасці іпатэчных крэдытаў можа стымуляваць попыт на жыллё і падтрымліваць інвестыцыі ў будаўніцтва. Таму прапанову з іпатэкай пад 1% варта разглядаць не толькі як звычайны камерцыйны прадукт банка. У ёй можа быць і пэўны палітычны кантэкст.
— Гэты крэдыт можна атрымаць толькі на куплю новага жылля. На другасным рынку купіць кватэру з выкарыстаннем гэтага крэдыту немагчыма. Гэта значыць, набываць жыллё можна толькі ў кампаніі-забудоўшчыка.
А каму гэта можа быць выгадна? Здавалася б, 1% — гэта добра і прывабна. Але трэба разумець, што гэты 1% дзейнічае толькі першыя два гады. Крэдыт можна ўзяць на наступныя перыяды — аж да 20 гадоў. Але стаўка на сённяшні дзень складае 15,4%.
Гэта нават з улікам цяперашніх сярэдніх ставак нізкім узроўнем не з'яўляецца. Можна знайсці крэдыты на рынкавых умовах, напрыклад, пад 14%, — кажа экспертка.
Каму тады выгадна браць крэдыт на такіх умовах? Лузгіна мяркуе, што тым беларусам, якія могуць пагасіць яго датэрмінова. А вось астатнім варта добра падумаць.
— Выгадна гэта тым людзям, якія, напрыклад, на працягу двух гадоў разлічваюць як мінімум пакрыць або выплаціць асноўную частку крэдыту. Гэта значыць, яны бяруць крэдыт, плацяць працэнты і бягучыя плацяжы, а ў канцы ільготнага перыяду ажыццяўляюць датэрміновае пагашэнне і, напрыклад, вяртаюць банку 60, 70 або нават 90% сумы крэдыту.
У такім выпадку, безумоўна, гэта можа быць выгадна.
Больш за тое, калі дапусціць, што ў чалавека ўжо ёсць значная сума на кватэру, напрыклад, 50–60% яе кошту, ён можа ўнесці частку ўласных сродкаў — скажам, 10–20%, — а рэшту сумы пакласці на дэпазіт і атрымліваць працэнты ў памеры каля 10–12%. Такім чынам, гэта сума будзе яшчэ і павялічвацца.
Безумоўна, такая фінансавая аперацыя можа быць выгаднай.
Але калі чалавек звяртаецца па крэдыт толькі таму, што не мае неабходнай сумы, разлічвае ўзяць асноўную частку сродкаў у банку і наўрад ці зможа праз два гады выплаціць значную частку гэтага крэдыту, то тут трэба ўлічваць, што асаблівых ільготных умоў ён у выніку не атрымлівае, — папярэджвае Анастасія Лузгіна.