Цэны на кватэры ў Гродне разагналі расіяне, беларусы такія лічбы не цягнуць — аналітык

Від з акна кватэры

Від з акна кватэры / LookByMedia

Сярэдняя цана кватэр у Гродне па выніках рэальных здзелак складае каля 1100–1150 долараў за квадратны метр. Пра гэта заявіў аналітык Андрэй Чарнышоў, спасылаючыся на дадзеныя гродзенскага філіяла агенцтва нерухомасці Realt.

Па яго словах, летам у Гродна прыязджала шмат расіян, частка з якіх прыглядалася да кватэр для пакупкі і пераезду. Яны часта валодаюць большым бюджэтам, чым беларусы. Па словах Чарнышова, расіяне куплялі жыллё практычна без гандлю, што дадаткова падняло цэны за квадратны метр.

Цяпер пакупак з боку расіян стала значна менш, яны амаль спыніліся. Чарнышоў звязвае гэта з сезоннасцю і набліжэннем Новага года.

Па яго словах, расіяне з'ехалі, але цэны так і засталіся высокімі. Многія беларусы ўжо не могуць дазволіць сабе жыллё па такіх цэнах.

Чарнышоў прывёў сярэднія цэны па выніках здзелак, а не па аб'явах, у абласных цэнтрах:

  • Мінск — 2300 долараў за квадратны метр;

  • Брэст — 1350 долараў;

  • Гродна — 1100–1150 долараў;

  • Магілёў — 1100 долараў;

  • Гомель — 1070 долараў;

  • Віцебск — каля 1000 долараў.

Аналітык папярэджвае, што ў 2027 годзе прыток пакупнікоў з Расіі будзе расці. Акрамя Мінска, расіян больш за ўсё цікавяць Брэст і Гродна як турыстычныя гарады.

Чарнышоў лічыць, што на іх выбар уплывае сярэдні ўзровень заробкаў: тыя, хто пераязджае, разлічваюць атрымліваць у Беларусі хаця б частку даходу.

Аналітык адзначыў, што расіян менш цікавяць Віцебск і Магілёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.