Чым пагражае беларускай эканоміцы крэдыт Беларусбанка на тавары з Wildberries
Пункт выдачы ў Мінску / LookByMedia
Беларусбанк запусціў праграму “Крэдыт на ўсё”, у тым ліку на куплю тавараў на Wildberries. Эканамістка Аліса Рыжычэнка ў эфіры Еўрарадыё тлумачыць, чаму гэта прапанова нясе пагрозу беларускай эканоміцы.
— Гэта ідзе ўразрэз з той палітыкай, якую праводзілі чыноўнікі Лукашэнкі, — падтрымліваць беларускую вытворчасць. Таму што найбольш на Wildberries прадаецца расійскіх і кітайскіх тавараў. І фактычна зараз гэта будзе паляпшаць умовы для продажу гэтых тавараў.
Беларусы будуць мець даўгатэрміновыя крэдыты, а грошы, якія будуць зарабляцца на гэтых таварах, будуць сыходзіць у Расію або Кітай — пастаўшчыкам і ўладальніку гэтай платформы.
У Беларусі застанецца толькі ПДВ і невялікія грошы, якія выплачваюцца ў выглядзе заробкаў тым, хто працуе ў пунктах выдачы тавараў Wildberries. А гэта вельмі дрэнная навіна для беларусаў, — сцвярджае экспертка.
У чым небяспека для беларускіх крамаў?
— Мы маем анлайн-платформу, уладальнікамі якой з'яўляюцца фактычна грамадзяне Расійскай Федэрацыі, грошы сыходзяць туды, і яны ствараюць для сваіх пакупнікоў умовы, якіх няма ні ў адной краме ў Беларусі — ні ў беларускай, ні ў якой іншай.
А калі ёсць нейкая невялікая гандлёвая кропка, якая прадае вопратку або нейкія тавары для дому, у яе няма такіх магчымасцей, каб выдаваць крэдыты на ўсё без якіх-небудзь даведак проста ў краме.
А на Wildberries усё гэта магчыма. Гэта значыць, будзе не проста стварацца канкурэнцыя — фактычна будзе знішчацца той рытэйл, які не працуе з Wildberries, — тлумачыць Рыжычэнка.