У кафедральным саборы Вільні будуць шукаць парэшткі князя Вітаўта

Падземная частка кафедральнага касцёла ў Вільні

Падземная частка кафедральнага касцёла ў Вільні / ELTA

У сценах і сутарэннях кафедральнага сабора ў Вільні навукоўцы выявілі больш за 20 недаследаваных месцаў. Іх плануюць даследаваць метадам мінімальнай інтэрвенцыі. Пра гэта піша Delfi са спасылкай на кіраўніка літоўскага Гістарычнага інстытута Аўрымаса Швядаса. У тым ліку даследуюць месца, у якім, магчыма, знаходзяцца парэшткі князя Вітаўта.

Раней рэстаўратар Саўлюс Падэрыс выказаў меркаванне, што парэшткі князя Вітаўта могуць знаходзіцца ў заходняй частцы маўзалея XVII ст., размешчанага ва ўваходнай нішы. Нішу плануюць даследаваць сёлета ў кастрычніку. Для гэтага сцяну будуць свідраваць звонку. Свідраваць знутры сцяну немагчыма з прычыны волкасці. Работы ацэньваюць у суму каля 35 000 еўра.  

Паводле міністра культуры Лукаса Альсіса, калі знойдуцца парэшткі, з імі будуць праводзіць ДНК-тэсты, параўноўваць з узорамі ў Кіева-Пячорскай лаўры і кафедральным саборы святога Тамаша ў Празе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.