У Літве правераць, ці можна выслаць Вольгу Карач у бяспечную краіну

Вольга Карач

Вольга Карач / Euroradio

Міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацялінас хоча даць прававую ацэнку дзейнасці беларускай актывісткі Вольгі Карач і яе грамадскай арганізацыі "Наш дом". Пра гэта ён напісаў у пасце на Facebook.

Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў "Наш дом" быў зарэгістраваны ў Літве ў 2014 годзе. Ён пазіцыянуе сябе як цэнтр, які аказвае беларусам гуманітарную і псіхалагічную дапамогу і займаецца маніторынгам парушэння правоў чалавека.

Кацялінас назваў Карач адной з пяці грамадзян Беларусі, якім было адмоўлена ў прадастаўленні прытулку ў Літве, бо іх прызналі пагрозай дзяржаўнай бяспецы. Але дэпартаваць іх у Беларусь немагчыма. І літоўскім, і міжнародным правам забаронена вяртаць чалавека ў краіну, дзе ён можа падвяргацца рызыцы катаванняў, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання.

"Дэпартамент міграцыі праверыць, ці няма ў гэтых асоб іншага грамадзянства, права на пражыванне ў іншых дзяржавах або магчымасці выехаць у бяспечную трэцюю краіну. Мы таксама ацэнім, ці мае дзяржава сёння дастатковыя прававыя інструменты для абмежавання дзейнасці такіх асоб і звязаных з імі арганізацый. Калі не — ініцыюем неабходныя змены ў заканадаўстве", — напісаў Кацялінас у сацсетках.

Чаму Карач прызналі пагрозай Літве? Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі лічыць, што беларуска ў 2015–2019 гадах супрацоўнічала з расійскімі спецслужбамі. Паводле слоў самой Карач, літоўскія ўлады абгрунтавалі рашэнне тым, што яна брала інтэрв'ю ў заснавальніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канферэнцыях у Расіі, у тым ліку арганізаваных Еўракамісіяй.

Карач мае від на жыхарства ў Літве са студзеня 2014 года. Яна папрасіла краіну аб палітычным прытулку ў 2022 годзе. Нягледзячы на адмову ў прадастаўленні прытулку, Карач выдалі часовы від на жыхарства тэрмінам на адзін год па гуманітарных меркаваннях. Паводле Дэпартамента міграцыі, калі бяспека і жыццё чалавека знаходзяцца пад пагрозай у яго краіне паходжання, ён не можа быць дэпартаваны туды, прызнаецца ўцекачом і атрымлівае часовы від на жыхарства па гуманітарных меркаваннях.

Раней у Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы прызнавалі пагрозай дзяржбяспекі былога байца ПКК Васіля Веремейчыка. Беларускага добраахвотніка затрымалі ў В'етнаме ў 2024 годзе і дэпартавалі ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.