Без намёкаў. Як каралеўскія сем’і распадаліся праз палітычныя амбіцыі
Гісторыі сем'яў, якіх разлучылі палітычныя рознагалоссі / Euroradio / OpenAI
У амерыканскім TikTok ёсць папулярны мем: карыстальнікі выразаюць асобныя фрагменты відэа, у якіх ёсць Дональд і Меланія Трамп, а потым манціруюць іх такім чынам, каб здавалася, быццам Меланія падае таемныя сігналы: маўляў, я супраць свайго мужа, дакладна-дакладна!
Праўда, пакуль што няма сапраўдных прыкмет разладу паміж прэзідэнтам ЗША і першай лэдзі. Але такое ўжо здаралася ў гісторыі: нярэдка сужэнцы пачыналі адкрытае палітычнае супрацьстаянне.
Гэта ні ў якім разе не намёк на сямейнае жыццё пары Трампаў. Гэта рубрыка “Без намёкаў” — мы расказваем цікавыя факты з гісторыі. І ўсе супадзенні, вядома ж, выпадковыя.
Вялікая апякунка
Элеанора Аквітанская (1122–1204) была герцагіняй Аквітаніі, каралевай Францыі і Англіі, адной з самых уплывовых жанчын Сярэднявечча.
У 1137 годзе яна выйшла замуж за Людовіка VII, будучага караля Францыі. Бацька Элеаноры, Вільгельм X, разумеў, што ў тагачаснай Аквітаніі шляхетных жанчын нярэдка выкрадалі, каб завалодаць іх землямі. Таму ён даручыў прыдворным звярнуцца да караля Францыі Людовіка VI з просьбай абараняць Элеанору, пакуль для яе не знойдуць адпаведнага жаніха. Той неадкладна арганізаваў шлюб свайго сына з ёй.
Іх адносіны ўскладніліся падчас Другога крыжовага паходу. Элеанора праяўляла сябе як больш рашучая і здольная кіраўніца, чым яе неспрактыкаваны муж, якога рыхтавалі не да трона, а да святарскага служэння.
Захапленне Людовіка Элеанорай паступова змянілася крыўдай. Калі яна прапанавала скасаваць шлюб праз сваяцтва, ён спачатку адмовіўся, але пазней пагадзіўся.
Неўзабаве Элеанора выйшла замуж за Генрыха Плантагенета, які стаў каралём Англіі ў 1154 годзе. Аднак і гэты саюз аказаўся няпростым. Элеанора імкнулася ўплываць на мужа, а ён супраціўляўся яе амбіцыям і здраджваў ёй, заводзячы незлічоныя раманы.
Каля 1170 года Элеанора разышлася з Генрыхам і вярнулася ў Аквітанію, а ў 1173 годзе падтрымала паўстанне сваіх сыноў супраць бацькі.
У 1174 годзе Генрых узяў Элеанору пад варту, дзе яна правяла 16 гадоў. Пасля яго смерці ў 1189 годзе яна зноў атрымала свабоду і стала ўплывовай палітычнай фігурай, дапамагаючы сыну Рычарду Ільвінае Сэрца кіраваць каралеўствам. Элеанора памерла ў 1204 годзе, пакінуўшы значны след у гісторыі Еўропы.
Французская Ваўчыца
Ізабэла Французская (1295–1358) была дачкой французскага караля Філіпа IV. У 1308 годзе яе выдалі замуж за англійскага караля Эдуарда II. Гісторыкі пішуць, што на той момант ёй было каля 12-ці гадоў. Таксама адзначалася, што яна была вельмі прыгожай, а разам з тым мела розум і дыпламатычныя здольнасці.
Шлюб азмрочвалі палітычныя канфлікты і ўплыў каралеўскіх фаварытаў, асабліва Х’ю Дэспенсера Малодшага.
Ізабэла спрабавала ўмацаваць свае пазіцыі пры двары, але паступова ўступіла ў канфлікт з мужам і яго прыбліжанымі. У 1325 годзе яна адправілася ў Францыю, дзе аб’ядналася з праціўнікамі Эдуарда і ўступіла ў саюз з Роджэрам Морцімерам, магчыма, будучы яго каханкай.
У 1326 годзе Ізабэла і Морцімер імкліва ўварваліся ў Англію. Іх войскі перамаглі прыхільнікаў караля, Дэспенсеры былі пакараны смерцю, а Эдуард II адрокся ад трона. Яго далейшы лёс і магчымае забойства застаюцца прадметам гістарычных спрэчак.
Ізабэла кіравала ў якасці рэгенткі да 1330 года, калі яе сын Эдуард адхіліў Морцімера ад улады і пачаў кіраваць непасрэдна ад свайго імя.
Ізабэла захавала багацце і ўплыў, але больш не ўдзельнічала ў кіраванні дзяржавай. У апошнія гады жыцця яна звярнулася да рэлігіі і памерла ў 1358 годзе.
Раздзеленыя рэвалюцыяй
Джэйн Уэлбарн Спёрджын (1736–1803) жыла ў Паўночнай Караліне і была замужам за Уільямам Спёрджынам, фермерам і мясцовым чыноўнікам. Падчас Амерыканскай вайны за незалежнасць іх палітычныя погляды разышліся: Уільям падтрымліваў брытанскую карону, а Джэйн — амерыканскіх патрыётаў.
Пакуль муж ваяваў на баку брытанцаў, Джэйн заставалася з дзецьмі і спрабавала захаваць гаспадарку. У 1781 годзе яна дала прытулак генералу Кантынентальнай арміі Натаніэлю Грыну. Праз лаялісцкія перакананні мужа Джэйн сутыкнулася з пераследам і фінансавымі санкцыямі з боку патрыётаў.
Пасля вайны Уільям не вярнуўся да сям’і і займеў адносіны з іншай жанчынай. Джэйн давялося самастойна клапаціцца пра дзяцей і змагацца за тое, каб дом яе сям’і не трапіў у рукі патрыётаў, якія хацелі захапіць маёмасць любога вядомага лаяліста.
У 1785–1791 гадах яна тройчы звярталася ў заканадаўчы сход Паўночнай Караліны, каб абараніць свае правы. У адрозненне ад многіх жанчын таго часу, Джэйн не абмяжоўвалася аповедамі пра сваё цяжкае становішча: яна сцвярджала, што мае самастойныя грамадзянскія і маёмасныя правы незалежна ад палітычнага выбару мужа.
Хоць афіцыйнага адказу на яе апошнюю петыцыю не было, Джэйн удалося захаваць свой дом. Яна пражыла там да смерці ў 1803 годзе, стаўшы прыкладам жанчыны, якая адстойвала ўласныя правы ў перыяд палітычных перамен.