У Беларусі падораную кватэру могуць падзяліць пры разводзе. Як гэта?
У кватэры
Падораная кватэра, нават калі яе атрымалі падчас шлюбу, паводле закона належыць толькі аднаму з сужэнцаў. Аднак у некаторых выпадках пры разводзе другі сужэнец можа прэтэндаваць на палову жылля. Пра гэта расказала адвакатка, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Добрушскага раёна Вікторыя Рамянчыкава.
Гэта магчыма, калі ў кватэру ўклалі агульныя грошы сужэнцаў або асабістыя сродкі другога сужэнца і ў выніку яе кошт значна вырас. Гаворка ідзе пра капітальны рамонт, рэканструкцыю або пераабсталяванне жылля, якія змянілі яго тэхнічныя характарыстыкі ці спажывецкія якасці.
У такім выпадку суд можа прызнаць кватэру сумеснай уласнасцю сужэнцаў. Пры гэтым долі будуць роўнымі — кожнаму можа дастацца палова ўсёй кватэры, а не толькі тая частка, у якую ўкладалі грошы. Але аднаго факта рамонту недастаткова: значнае павелічэнне кошту жылля трэба будзе пацвердзіць заключэннем эксперта, які параўнае цану кватэры да і пасля работ.