"Каханы за 500 м ад вас" — Наста Дашкевіч расказала, як ехала да вызваленага мужа
Сустрэча Насты і Змітра Дашкевічаў / фота са старонкі Насты Дашкевіч у Фэйсбуку
Наста Дашкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку згадала, як год таму яна сустрэлася з мужам пасля ягонага вызвалення. Перад тым яны не бачыліся тры з паловай гады.
Змітра Дашкевіча разам з групай іншых палітвязняў у верасні 2025-га прымусова вывезлі ў Літву. Яго жонка тым часам яшчэ адбывала прысуджаную ёй "хатнюю хімію". Пасля вызвалення Змітра яны маглі нейкі час размаўляць толькі праз Тэлеграм.
"Мая хатняя хімія сканчвалася 13 кастрычніка. А ўжо 14 кастрычніка днём я імчала ў бок літоўскай мяжы", — піша яна. Наста адзначае, што хвалявалася, каб міліцыя дала дазвол на выезд, але ўсё атрымалася добра.
"Я прагна лавіла гэты подых свабоды, калі ехала па нашых беларускіх дарогах, з асалодаю ўдыхала водар лесу, спакойна піла каву на запраўках, не закрываючы твар кепкаю. А 19-й гадзіне я павіншавала сябе, што ўпершыню за 3 гады магу быць не дома, а там, дзе я хачу, а хацела я быць побач са Змітром. Каля 6-7 гадзін дарогі — і Зміцер сустракаў мяне па той бок мяжы на першай запраўцы. Мы паставілі адзін адному рэжым live location у тэлеграм, і я з хваляваннем назірала, як змяншаецца колькасць км, а потым метраў паміж намі: "Каханы за 500 м ад вас". О, як нясцерпна мне далася тая літоўскай мяжа! А потым яшчэ меней, меней, меней. І вось ён ужо бяжыць з гэтай запраўкі да мяне насустрач. Гэта, напэўна, быў адзін з самых шчаслівых момантаў жыцця. Сябры і родныя падарылі мне новы мядовы месяц у Літве, бо гадавалі дзетак пакуль мяне не было. І гэта быў найцудоўнейшы падарунак да Дня Маці ў маім жыцці )", — згадвае Наста Дашкевіч.
Усё, што перажыла сям'я Дашкевічаў за час арышту Змітра, апісана ў дзвюх кнігах, якія ён падрыхтаваў і цяпер збірае грошы на іх выданне.