Мінчанка прасіла ў Лукашэнкі трохпакаёўку, а атрымала трохмесны дзіцячы вазок
Ангеліна Камінская з мужам Станіславам / фота з яе старонкі ў Інстаграме
Ангеліну Камінскую, якая прасіла ў Лукашэнкі трохпакаёўку, выпісалі з РНПЦ "Маці і дзіця" дамоў. Пра гэта жанчына паведаміла ў сваіх сацсетках. Забіраў сям'ю малады бацька Станіслаў Камінскі — старшы сяржант Дэпартамента аховы МУС, заўважыла "Наша Ніва".
Маладая маці атрымала шырокую вядомасць пасля свайго звароту ў сацсетках. Яна нарадзіла трайнятак і нагадала Лукашэнку ягонаяе абяцанне: "Дарагія жанчыны! Нарадзіце трэцяе малое — і патрабуйце ад мяне што заўгодна". Для траіх народжаных дзяцей яна папрасіла даць трохпакаёвую кватэру. Гэты зварот паглядзелі больш за 6 мільёнаў чалавек.
На выпіску мінчанкі прыехалі праўладныя СМІ і прадстаўнікі лукашэнкаўскай "Белай Русі". Яны загадзя спыталі ў Ангеліны, які падарунак яна б хацела атрымаць на выпіску. Маладая маці папрасіла трохмесную каляску — і ёй урачыста ўручылі сертыфікат на 2000 рублёў. А ў Інстаграме "Белай Русі" намякнулі: "Дзякуючы клопату дзяржавы аб шматдзетных сем'ях неўзабаве жыллёвае пытанне вырашыцца".
Дарэчы, пасля звароту Ангеліны беларускі зладзілі флэшмоб у сацсетках. Шматдзетныя сем'і пачалі прасіць Лукашэнку даць кватэру і ім.