Раман Пратасевіч падманам арганізаваў здымкі для Соф'і Сапега ў Вільні
Соф'я Сапега
Здымкі Соф'і Сапега ў Вільні былі арганізаваныя падманным шляхам. Замоўца прыкрываўся імем вядомага расійскага журналіста Іллі Азара і рэдакцыяй "Новай Газеты", а дзяўчына не праверыла яго сапраўднасць.
Пра гэта Сапега расказала "Нашай Ніве", каментуючы праграму на тэлеканале АНТ, якая выйшла напярэдадні. У праграме Раман Пратасевіч, былы хлопец Сапега, расказваў пра дзяўчыну, свае адносіны з ёй, кантакты Соф'і з іншымі прадстаўнікамі дэмакратычнага руху. У відэа былі выкарыстаныя фрагменты інтэрв'ю дзяўчыны, запісы відэазванкоў, змантаваныя размовы.
Сапега расказала, што ёй арганізавалі здымкі ў Вільні з каманды фрылансераў і прапанавалі аплату ў 1800 еўра. У якасці авансу дзяўчына атрымала 300 еўра — і болей грошай ёй не пералічвалі. Фрылансеры не атрымалі ні капейкі. Пазней выявілася, што ніхто з іх не быў знаёмы з замоўцам.
Здымачная група западозрыла падман і прытрымала матэрыял, але нейкія яго часткі трапілі ў рукі Пратасевіча. Сама Сапега і здымачная каманда толькі пасля знікнення замоўцы звярнуліся ў "Новую Газету", дзе ім сказалі, што Ілля Азар не робіць ніякага матэрыялу з дзяўчынай для выдання.
Сапега называе праграму на АНТ дробнай помстай з боку Пратасевіча за тое, што нядаўна яна дала вялікае інтэрв'ю выданню "Зеркало".