Пінчук загадкава загінуў каля будынка Следчага камітэта
Пінчук, які загадкава загінуў / фота са старонкі маці ў Threads
У Пінску мужчына загінуў у двух кроках ад будынка Следчага камітэта, але запісаў з камер відэаназірання быццам бы няма.
Бацькі шукаюць відавочцаў здарэння, якое адбылося 24 кастрычніка і спрабуюць зразумець, што ў той дзень здарылася з іх сынам.
"А 10-й раніцы ён выйшаў на пошту па вуліцы Чарняхоўскага. Там трапіў пад камеры, дзе быў жывы і цэлы. А праз 20 хвілінаў быў знойдзены ў стане клінічнай смерці са слядамі збіцця на целе і твары.
Ён быў у 300 метрах ад пошты, абвіс на агароджы школы. Прыехала "хуткая", сэрца запусцілі, і яно білася яшчэ некалькі дзён. Але, на жаль, мозг загінуў. Ён так і не выйшаў з комы", — пішуць яны ў сацсетках.
Трагедыя здарылася побач са школай і ў некалькіх дзясятках метраў ад будынка Следчага камітэта, дзе ўсё мусіць "прастрэльвацца" відэаназіраннем. "Але нам адказалі, што там камер няма", — працягваюць сваякі загінулага.
Паводле іх, пачынаць крымінальную справу ў Пінску адмовіліся: "Кажуць — упаў… Зламаны нос, рассечанае надброўе, разбітыя рукі, сінякі па целе, на каленях, на баку пад адзеннем. Крывацечная рана на падбародку, разбітыя косткі левай рукі, хаця ён праўша. На роўнай дарозе так не падаюць!
Зламанае рабро. Кажуць, з прычыны рэанімацыйных дзеянняў. Магчыма, але можа і не. Ускрыццё судмедэкспертызы ў Пінску дало заключэнне: прычына смерці не выяўленая. Як гэта?"