Палякі на мяжы разабралі аўтамабіль жонкі высокапастаўленага беларускага чыноўніка
Аўтамабільная чарга, ілюстрацыйнае фота / Мост. Медыя
Для таго, каб спыніць ціск на польскую меншасць у Беларусі, Польшча ўжывала нестандартныя метады. Пра іх расказаў былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш, заўважыла "Наша Ніва".
Юраш з красавіка 2010‑га па люты 2011 года выконваў абавязкі кіраўніка польскай дыпламатычнай місіі як часовы павераны ў справах. Завяршыўшы дыпламатычную кар'еру, ён стаў журналістам і публіцыстам.
Пра сваю працу ў Беларусі ён расказаў журналісту Багдану Рыманоўскаму на яго YouTube-канале. Юраш згадаў, як беларускія ўлады падчас яго працы рэгулярна ціснулі на прадстаўнікоў польскай меншасці. Ён згадаў, у прыватнасці, Анжаліку Борыс, Анджэя Пачобута і Анжаліку Арэхву.
Тады польскі бок склаў спіс гродзенскіх і брэсцкіх чыноўнікаў і іхных жонак, якія рэгулярна ездзілі на закупы ў Беласток і Белую-Падляскую.
"Чыста выпадкова на мяжы іх сталі затрымліваць. Чыста выпадкова жонцы аднаго з важных беларускіх функцыянераў у новым аўтамабілі адкруцілі унутраную абшыўку столі, бо сабачка вынюхаў наркотыкі. Ніякіх наркотыкаў не знайшлі, але непрыемна было", — кажа Юраш.
Прыкладна праз два тыдні беларускі бок прапанаваў спыніць узаемнае стварэнне праблем. Але палякі вырашылі падстрахавацца. Адзін з кіраўнікоў Памежнай аховы Польшчы затэлефанаваў Юрашу з Варшавы па адкрытай лініі, якую праслухоўвалі беларускія спецслужбы. У размове ён спытаўся, ці трэба працягваць "кіпіш" у дачыненні да беларусаў або беларускі бок ужо спыніўся. На думку Юраша, такі спосаб камунікацыі быў для беларускіх уладаў больш зразумелым, чым дыпламатычныя пратэсты.