Сікорскі адзначыў "лёгкую адлігу" ў адносінах з Беларуссю

Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі / AP

У адносінах паміж Польшчай і Беларуссю назіраецца лёгкая адліга. Пра гэта міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў у інтэрв'ю газеце Rzeczpospolita.

"Мы назіраем лёгкую адлігу, паколькі Беларусь зрабіла тое, да чаго заклікалі польскія ўрады, якія змянялі адзін аднаго: вызваліла Анджэя Пачобута — пры пасярэдніцтве ЗША — і нават дазволіла яму вярнуцца і зноў выпусціла яго", — патлумачыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.

Таксама ён згадаў спакой на беларуска-польскай мяжы і адсутнасць паветраных шароў з кантрабандай апошнім часам. Праўда, дадаў Сікорскі, гэта заслуга не Беларусі, а вынік таго, што Польшча выдаткавала больш за мільярд еўра на ўзвядзенне агароджы і аперацыі па бяспецы мяжы.

"Некаторым у краіне, мабыць, здаецца, што ў Польшчы ёсць нейкія вечныя, нязменныя сябры і ворагі; між тым, сутнасць знешняй палітыкі палягае ў тым, каб пераконваць іншых суб'ектаў міжнароднага права дзейнічаць так, як гэта лепш адпавядае нашым інтарэсам. І калі іх палітыка змяняецца, мы таксама можам змяніць сваю", — падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі.

Ён дадаў, што Польшча зацікаўленая, каб Беларусь захоўвала дзяржаўнасць, асобную ад Расіі, бо ёсць розніца паміж статусам партнёра РФ і ўваходжаннем у яе склад. Цягам апошніх 30 гадоў, паводле Сікорскага, сітуацыя рухалася ў кірунку пашырэння тэрыторыі Расіі за кошт Беларусі.

На мінулым тыдні Сікорскі на палях Генасамблеі ААН сустрэўся з сваім беларускім калегам Максімам Рыжанковым. Ён назваў гэтую сустрэчу азнаямленчай і параўнаў яе з пралескай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.