Беларускі пісьменнік атрымаў прэстыжную шведскую прэмію

Дзмітры Плакс

Дзмітры Плакс / Magnus Roosman / facebook.com/dmitri.plax

Прэстыжную шведскую прэмію Bennypriset атрымаў паэт, празаік, перакладчык, мастак і кіраўнік Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Дзмітры Плакс. Ён быў узнагароджаны як драматург і рэжысёр, піша bellit.info. Беларус жыве і працуе ў Швецыі з канца 1990-х гадоў.

У рашэнні аб прысуджэнні прэміі адзначаецца, што Плакс ужо тры дзесяцігоддзі "пашырае гарызонты шведскага тэатральнага мастацтва — спачатку ў Radioteatern, а цяпер як прызнаны мастацкі кіраўнік Dramaten.Doc".

Гаворыцца, што беларускі драматург і рэжысёр заўсёды трымае руку на пульсе сучаснасці і адчувае ўнікальную здольнасць тэатра адлюстроўваць вострыя праблемы чалавецтва: "Калі шведскаму тэатру пагражае замкнёнасць, ён прыходзіць, каб расчыніць дзверы і ўпусціць струмень свежага паветра".

Bennypriset — штогадовая шведская культурная прэмія, заснаваная ў 2020 годзе ў памяць пра вядомага тэатральнага дзеяча і кіраўніка Бені Фрэдрыксана (Benny Fredriksson). Яна ўручаецца творцам, якія вызначаюцца моцнай прыхільнасцю да мастацтва і прагай зрабіць яго даступным для шырокай публікі. Памер прэміі складае 100 000 шведскіх крон (10 000 долараў ЗША). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.