Беларуса, які кінуў гранату ў доме ў Харкаве, адправілі на псіхіятрычную экспертызу

Граната, ілюстрацыйнае фота

Граната, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

На судова-псіхіятрычную экспертызу адправілі беларускага добраахвотніка, які служыць разведчыкам у Замежным легіёне Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Мужчыну затрымалі сёлета ў жніўні, калі ён у жылым доме ў Харкаве кінуў гранату. Яму выставілі падазрэнне ў хуліганстве з выкарыстаннем зброі.

Як піша Радыё Свабода, беларуса-добраахвотніка вызвалілі на чацвёрты дзень пасля затрымання пад заклад у 266 240 грыўняў (амаль 6 тысяч долараў). Тэрмін расследавання ягонай справы падоўжылі да 21 снежня 2026 года.

Сам інцыдэнт адбыўся 20 жніўня. Уначы жыхары двухпавярховага жылога дома ў Харкаве пачулі ў пад’ездзе гучныя крыкі мужчыны, які меў пры сабе аўтамат з набітым магазінам і боепрыпасы. Потым адбыўся выбух, з вокнаў пасыпалася шкло. Паведамляюць, што ён кінуў гранату.

На месца прыбыла паліцыя. Калі беларусу прапанавалі скласці зброю і здацца, ён зрабіў яшчэ адзін стрэл з аўтамата. Перамовы з ім працягваліся больш за чатыры гадзіны. Урэшце вайсковец здаўся.

Сваёй віны ён не прызнаў і заявіў пра самаабарону ад невядомых нападнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.