Аналізаваць TikTok і Threads — задача генерала Муравейкі ў адміністрацыі Лукашэнкі
Павел Муравейка / БЕЛТА
Стала вядома, чым у адміністрацыі Лукашэнкі будзе займацца генерал Павел Муравейка, былы начальнік Генштаба. 28 верасня яго прызначылі намеснікам кіраўніка адміністрацыі — у дадатак да ўжо наяўных.
На новай пасадзе Муравейка будзе каардынаваць памочнікаў Лукашэнкі ў рэгіёнах, займацца зваротамі грамадзян, у тым ліку ў сацсетках, і кантраляваць стратэгічныя праекты. Пра гэта расказаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.
"Будзе каардынаваць інстытут памочнікаў прэзідэнта ў рэгіёнах.
І я думаю, што яшчэ будзе займацца зваротамі грамадзян з улікам яго камунікацыйных, скажам так, навыкаў. Звароты грамадзян, акрамя класічнага сегмента, ён таксама застаецца, сёння ў нас вельмі сур'ёзна дапаўняецца вось гэтымі зваротамі праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі — TikTok, Threads, Telegram і іншае. І з усяго масіву трэба вылучаць нейкія важныя тэмы, якія сапраўды вартыя ўвагі", — падзяліўся падрабязнасцямі Крутой.
Прызначэнне Муравейкі ён назваў часткай работы па ўдасканаленні дзейнасці адміністрацыі Лукашэнкі. Таксама дадаў, што новы намеснік будзе каардынаваць гэтую працу.