Мужа расійскай блогеркі затрымалі на ўездзе ў Беларусь за падпіску
Сацсеткі / pexels.com
Пры ўездзе ў Беларусь затрымалі мужа расійскай блогеркі Настассі Бунс. Пра гэта яна сама расказала ў сваіх сацсетках, заўважыла выданне "Зеркало".
Настасся Бунс жыве з мужам у Калінінградзе. Яе муж мае грамадзянства Беларусі і Расіі. На выходныя пара вырашыла з'ездзіць у Санкт-Пецярбург праз Беларусь. Але на мяжы мужчыну пасля праверкі тэлефона затрымалі на шэсць гадзін "да высвятлення абставінаў".
"На пост выклікалі міліцыю, і пад канвоем вывезлі нас з мяжы проста ў аддзел, дзе яго павінны былі асудзіць і пасадзіць", — расказала блогерка. Падставай стала падпіска на чат у Тэлеграме, зробленая чатыры гады таму. У Беларусі гэты паблік прызналі "экстрэмісцкім".
Расіянка паведаміла, што ў пастарунку ў мужа праверылі перапіскі ў тэлефоне: "Пераканаліся, што прычын для рэальнага арышту няма, і адпусцілі".
Пры гэтым яна дадала, што такіх затрыманняў на мяжы адбываецца шмат: "Але самі сілавікі сумленна сказалі, што такіх людзей з мяжы прывозяць проста пачкамі". Таму яна параіла ўсім правяраць падпіскі ў сацсетках перад паездкай у Беларусь.
У верасні 2026-га праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадаў, што паездкі ў Беларусь застаюцца небяспечнымі і могуць скончыцца затрыманнем і рэальным зняволеннем.